Марыя Калесьнікава

Прадстаўніца Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава не выключае вастрэйшай рэакцыі беларускага грамадства на афіцыйнае паведамленне аб інаугурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта.

«Трэба разумець, што ў Беларусі грамадства нагэтулькі не прызнае Лукашэнку і яго новы прэзідэнцкі тэрмін, які ён сам сабе намаляваў, што прадбачыць, як большасць адрэагуе нават на заяву аб інаугурацыі, проста немагчыма», — сказала Марыя Калеснікава ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню lb.ua, перадае Радыё Свабода.

Паводле яе, пакуль Каардынацыйная рада не мае плану дзеянняў на выпадак уступлення Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта: «За месяц шмат што можа змяніцца. Тут варажыць няма сэнсу».

Марыя Калеснікава мяркуе, што кадравыя змены, якія робіць Аляксандар Лукашэнка ў сілавых органах, сведчаць аб расколе ў праваахоўных структурах:

«Вялікая колькасьць сілавікоў ужо пераходзіць на бок большасці. Мы ведаем, што там абсалютны раскол».

У той жа час, паводле яе, кіраўніцтва сілавых органаў застаецца на баку Лукашэнкі, бо «многія з іх вельмі баяцца за тыя злачынствы, якія яны ўчынілі»:

«І мы сапраўды лічым, што забойствам і катаванням людзей не месца ў трэцім тысячагоддзі ў цэнтры Еўропы. Яны павінны быць расследаваныя паводле беларускіх законаў. Тыя людзі, якія не хочуць сябе асацыяваць з гэтай крывёю і гэтым гвалтам, зараз робяць маральны выбар. Гэта вельмі цяжка. Мы гэта выдатна разумеем. Але трэба разумець таксама і тое, што большасць з іх да гэтага не маюць дачынення. Тут ідзецца пра тое, што гэта дапаможа ім сябе засцерагчы. Мы можам гэта толькі падтрымліваць, бо прысягу яны давалі не Лукашэнку, а беларускаму народу».

Поделиться: