Фота https://mnpz.by

Звыш тысячы працаўнікоў ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» не пагаджаюцца з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і абураны дзейнасцю сілавых структур. У адкрытым звароце яны выказваюць салідарнасць з народам Беларусі, калектывам ААТ «Нафтан» ды іншых прадпрыемстваў краіны і заяўляюць пра «недавер да дзейнай улады», паколькі «не адчуваюць сябе ў бяспецы ў сваёй уласнай краіне». Пад зваротам паставілі подпісы 1186 чалавек.

“Не прызнаём вынікі гэтых выбараў”

Нафтаперапрацоўшчыкі адзначаюць, што прэзідэнцкая кампанія 2020 года праведзена са шматлікімі парушэннямі і правакацыямі з боку ўлады: арышты кандытатаў, абмежаваная прысутнасць незалежных назіральнікаў, непразрысты падлік галасоў, фальсіфікацыі, запалохванні чальцоў участковых выбарчых камісій.

«Мы не прызнаём вынікі гэтых выбараў, як і многія грамадзяне нашай краіны», – гаворыцца ў звароце.

Пасля выбарчай кампаніі нязгодныя з вынікамі выбараў мірныя пратэстоўцы патрапілі пад гвалт супрацоўнікаў сілавых структураў. Падпісанты лічаць, што адказнасць за гвалт над мірнымі грамадзянамі ляжыць не толькі на сілавіках, але і кіраўніцтве краіны. Правы і свабоды грамадзян Беларусі знаходзяцца ў небяспецы з прычыны неразумнай палітыкі кіраўніцтва краіны, парушэння Канстытуцыі і фальсіфікацыі выбараў.

Лукашэнку і Ярмошыну – у адстаўку

Работнікі НПЗ патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, выступаюць за правядзенне новых выбараў з сумленным і празрыстым падлікам галасоў, з удзелам міжнародных і незалежных назіральнікаў.

Яны асуджаюць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян, патрабуюць сумленнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту з прыцягненнем да адказнасці вінаватых.

Таксама падпісанты з НПЗ настойваюць на падачы дэпутацкіх запытаў па фактах затрымання і збіцця сілавікамі працаўнікоў завода, у тым ліку актывіста суполкі «Страна для жизни» Руслана Парфёнава.

Мазырскія нафтаперапрацоўшчыкі акцэнтуюць увагу на тым, што не могуць далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, паколькі не хочуць рызыкаваць эканамічнай стабільнасцю прадпрыемства. Разам з тым яны просяць іншыя прадпрыемствы канцэрна «Белнафтахім» падтрымаць іх і іхнія патрабаванні.

Ад генеральнага дырэктара ААТ «Мазырскі НПЗ» людзі патрабуюць забяспечыць свабоднае выказванне сваіх пазіцый, як грамадзянскіх, так і працоўных у калектывах, спыніць ціск кіраўніцтва на работнікаў падчас прыняцця рашэння аб выхадзе або ўступленні ў прафсаюзы.

Падпісанты настойваюць таксама на правядзенні сустрэчы з як мага большай колькасцю працаўнікоў прадпрыемства для тлумачэння пытанняў, адлюстраваных у адкрытым звароце. Вынікі сустрэчы патрабуюць апублікаваць у адкрытым доступе.

“Гендырэктару ніхто ніякіх дакументаў не адрэсаваў”

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Мазырскі НПЗ” па ідэалагічнай працы, персаналу і сацыяльным развіцці Генадзь Цецярук пацвердзіў, што дырэкцыя ведала і не перашкаджала збору подпісаў пад зваротам.

«Канкрэтна генеральнаму дырэктару Паўлаву ніхто ніякіх дакументаў не падпісваў і не адрасаваў. Паўтару, мы ведалі, што людзі збіралі подпісы. Каму яны хацелі перадаць зварот, не зразумела. Але што яны ад кіраўніка прадпрыемства патрабавалі нейкай рэакцыі, такога не было», – кажа Цецярук.

Дакумент, пад якім сабрана звыш тысячы подпісаў, азаглаўлены так: «Адкрыты зварот работнікаў ААТ «Мазырскі НПЗ» да народа Рэспублікі Беларусь, прадпрыемствам канцэрна “Белнафтахім”, органам заканадаўчай і выканаўчай улады».

Змірыліся ці не змірыліся?

«Я не ведаю, чаму так рэагуюць прадстаўнікі дырэкцыі, бо нават мне праз канцылярыю завода прыйшоў згаданы зварот», – расказвае старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на МНПЗ Юрый Швец.

Паводле суразмоўцы, яму вядома пра затрыманне адзінаццаці супрацоўнікаў прадпрыемства, пры чым хапалі амапаўцы і міліцыя некаторых нават не на пратэстных акцыях, а на вечаровым прамінадзе. Многія абураны і тым, што іх галасы нахабным чынам скралі.

«Як тут сказаць – змірыліся ці не змірыліся? Два з лішнім дзесяцігоддзі людзі бачылі вечна прадказальныя вынікі выбараў. Усё гэта назапашвалася, а цяпер – хлынула, прарвала. Да таго ж многіх пабілі, і гэта яшчэ больш раззлавала. Людзі візуальна бачылі, колькі іх прыходзіць на пікеты па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, многія ведалі, калі і за каго галасавалі. Ну і аб’явіць пасля гэтага, што за Лукашэнку падалі галасы 80 адсоткаў выбаршчыкаў – гэта не проста перагнуць кіёк. Гэта яго абсурдна перагнуць да злому. Да таго ж: перад папярэднімі выбарамі нікога з кандыдатаў і іх давераных асобаў не пераследавалі, а тут як з ланцуга сарваліся. Было бачна, што ўлады падрыхтавалі вычварэнскі сцэнарый выбараў», – лічыць актывіст незалежнага прафсаюза.

Канечне, зварот падпісалі па розных прычынах не ўсе чальцы нафтаперапрацоўчага калектыву, а толькі прыкладна пятая яго частка. У дырэкцыю накіравалі зварот найперш таму, каб тая паінфармавала кіраўніцтва краіны пра рэальны настрой работнікаў важнай у эканамічным плане галіны, якая фармуе асноўныя паступленні ў нацыянальную скарбонку.

 

Тэрміновыя навіны чытайце на нашым тэлеграм-канале.

Поделиться: