Юрась Чаранкоў

Распавядае Юрась ЧАРАНКОЎ, слесар ААТ «Мазырскі НПЗ».

Схапілі мяне з жонкай міліцыянеры 11 жніўня непадалёку ад дома, калі мы з ёй прагульваліся пасля працы на бульвары. Гэта далёка ад цэнтра. І час быў не позні – каля 21 гадзіны. Яшчэ нават сонца не паспела як след схавацца за небасхіл.

Наляцелі… Выглядала, што ў іх было нейкае заданне хапаць грамадзян і зрываць злосць на іх за пройгрыш на выбарах галоўнакамандуючага. Я ў тлумачальнай запісцы на патрабаванне завода так і напісаў: «Падчас прагулкі быў жорстка затрыманы міліцыяй і па-зверску збіты. Да траўматолага звярнуўся 16.08.20 пасля вызвалення».

Мне моцна пашкодзілі дручком нагу, яна апухла каля ступні і амаль не згіналася. Не мог нармальна хадзіць і ажно дзесяць дзён знаходзіўся на бальнічным.

На падставе рапартаў міліцыянераў мне і жонцы-настаўніцы суддзя Марына Буглак прысудзіла па 15 сутак арышту. Абвінавачванне стандартнае – удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, выкрыквалі лозунгі: “Сыходзь!”, “Жыве Беларусь!”.

Мяркую, што затрымалі мяне, а заадно і жонку таму, што на мне была майка з выявай “Пагоні” на грудзях, а на спіне – надпіс: “Жыве Беларусь”. Гістарычныя беларускія сімвалы сталі чамусьці для цяперашняга рэжыму не адлюстраваннем патрыятызму і нацыянальнай годнасці, а гэткім раздражняльнікам, які трэба душыць, таптаць, знішчаць. Суды ж асабліва не ўнікалі ў складзеныя міліцыяй адміністрацыйныя пратаколы –  працаваў канвеер дзеля ізаляцыі не згодных з вынікамі выбараў.

У суд мяне нават не вазілі – асудзілі ў міліцыі на другія суткі пасля затрымання. Месцаў у ізалятары РАУСу ўжо не хапала і многіх, у тым ліку і мяне, адвезлі ў калонію №20, дзе я правёў яшчэ двое сутак.

Вызвалілі мяне ды іншых “сядзельцаў” праз патрабаванні калег на працы і зварот кіраўніцтва НПЗ у райаддзел міліцыі, а інакш давялося б адбываць у калоніі астатнія адзінацаць сутак.

Пасля выхаду з калоніі я не толькі зняў пабоі, але і падаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта, каб выявілі віноўнікаў гвалту і прыцягнулі да адказнасці. Праверку працягнулі да 16 верасня.

З прычыны арышту і бальнічнага я не змог нават падпісаць зварот нашых нафтаперапрацоўшчыкаў да народа і калег па канцэрну “Белнафтахім”, якія выступаюць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, за захаванне сваіх правоў і свабод. Пабоі, а тым больш кроў людская – не вадзіца. Рэжым пераступіў у сваім чаплянні за ўладу чырвоную рысу, за якой няма даравання.

 

Тэрміновыя навіны чытайце на нашым тэлеграм-канале.

Поделиться: