Віктар Куўшынаў / фота з яго асабістага архіву

На топ-менеджара PandaDoc Віктара Куўшынава пачалі крымінальную справу паводле артыкула 210 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта са словаў адваката паведаміла яго жонка Аляксандра Дзікан.

Артыкул 210 — «Крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам». Куўшынаву пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Еўрарадыё.

2 верасня ў офіс кампаніі PandaDoc прыйшлі з ператрусам сілавікі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Таксама ператрусы адбыліся дома ў некаторых супрацоўнікаў кампаніі. Прайшоў ён і дома ў Куўшынава.

Дарэчы, у ліпені 2020 года Віктара Куўшынава затрымалі, калі ён нёс у КДБ паручальніцтва за затрыманага Віктара Бабарыку. У аўтазаку ён сустрэўся з родным братам Аляксандрам.

Заснавальнік і дырэктар PandaDoc Мікіта Мікада адкрыта крытыкаваў дзеянні беларускай улады і прапановаў дапамогу (у тым ліку матэрыяльную) сілавікам, якія захочуць звольніцца з органаў.