Фото euroradio.by
У рамках спецпраекта «Што далей?» сваімі парадамі і прагнозамі дзеліцца экс-кандыдат у прэзідэнты-2006 Аляксандр Мілінкевіч.

 

— Ці ёсць у сённяшняй сітуацыі, што склалася ў краіне, альтэрнатыва мірным пратэстам?

— Я думаю, што альтэрнатывы мірнаму ходу падзей і мірным пратэстам няма. І трэба працягваць менавіта мірныя пратэсты. Як толькі яны стануць радыкальнымі і крывавымі, колькасць людзей, што ў іх удзельнічаюць, рэзка панізіцца.

Людзі, што пратэстуюць, атрымаюць імідж крывавых людзей, якія дэстабілізуюць сітуацыю. Кепскімі будуць рэакцыі і за мяжой. Таму я падтрымліваю менавіта мірны шлях. Але трэба разумець, што чакаць ад Лукашэнкі, што ён у пэўны момант спалохаецца і сам прынясе ключы ад кабінета, бессэнсоўна.

Ён так не зробіць, нават калі за ім застанецца невялічкая група людзей. Пакуль што не бачна шансаў, каб войска перайшло на бок пратэстоўцаў. Але ў Румыніі ў свой час яно перайшло, а ў Польшчы не. Гэта бывае па-рознаму і не залежыць ад колькасці пратэстоўцаў.

Прагнозы — няўдзячная справа. Але калі мы не прагназуем, то мы не ўзброеныя. Трэба пралічваць пагрозы.

— У сацсетках вашыя допісы пра пагрозу інкарпарацыі з боку Расіі выклікалі дыскусію…

— Я спрабую заклікаць людзей не зацыклівацца на Маскве, але разумець, што ў Пуціна несумненна велізарныя інтарэсы ў Беларусі. Што рухне ягоная ідэя «русского мира», калі Беларусь стане нават нейтральнай. Як згубіла Расія Украіну фактычна назаўсёды. І таму яна будзе змагацца адчайна.

Я думаю, што сёння Расія мае самыя вялікія шанцы адхіліць Лукашэнку ад улады. У тым ліку і ў выніку такіх магутных дэманстрацый. Але для пачатку, думаю, Пуцін паспрабуе яго, як гэта Лукашэнка называе непрыгожым словам, «нахіліць». Гэта значыць прымусіць яго штосьці падпісаць. А пратэсты працягнуцца, і тады яго можна будзе замяніць.

Усё ж такі Пуціну такі варыянт «мяккай сілы» значна зручнейшы, чым увядзенне войскаў, на якое будзе жорсткая рэакцыя Захаду, уключна з новымі санкцыямі.

Такі варыянт магчымы. Але працяг гэтых вулічных акцый беларусамі, я вельмі ганаруся імі, надзвычай важны.

— Апошнія заявы Пуціна ўжо займелі першыя водгукі ў Беларусі. У Гомелі на маршы 30 жніўня былі плакаты са зваротам да Пуціна. Ці можа сённяшняя паказальная падтрымка Крамлём Лукашэнкі змяніць да сябе стаўленне тых пратэстоўцаў, што яшчэ нядаўна не мелі антырасійскіх настрояў?

— Я не ведаю, наколькі Пуцін і яго атачэнне не разумеюць, што сёння любыя сілавыя метады, калі б яны былі ўжытыя, зробяць беларускі пратэст рэзка антырасійскім. Сёння ён такім яшчэ не з’яўляецца. Ён не геапалітычны.

Сапраўды, адносіны да Расіі рэзка б пагоршыліся. Ужо яны даволі напружаныя, таму што Пуцін падтрымаў дыктатара, які не выйграў выбары. І значыць, што ён падтрымаў няпраўду. Гэта кепска для Пуціна, які на гэта пайшоў дзеля нейкіх нам невядомых мэтаў.

Але сілавое ўмяшанне прывядзе да таго, што пратэст, які выходзіць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, значыць — за незалежнасць, стане яшчэ і антырасійскім.

Я па-ранейшаму лічу, што найлепшым варыянтам для Масквы было б выкарыстаць аслабленага Лукашэнку, каб ён падпісаў патрэбныя ёй дакументы па паглыбленай эканамічнай інтэграцыі. Гэта важна для Пуціна, каб утрымліваць Беларусь. Ну, а потым замяніць Лукашэнку на чалавека не абавязкова адкрыта прарасійскага, але прымальнага для Масквы. Чалавека, які не павядзе краіну ў НАТА і да інтэграцыі з ЕС. Прымальнага для беларускага грамадства і прыхільнага да Расіі. І я думаю, што Масква будзе спрабаваць гэта рабіць.

— Вам бачацца рэальныя кандыдаты на такую пасаду?

— Я, канечне, думаю пра такія магчымыя варыянты. Але не хачу называць прозвішчы, бо ў мяне няма цвёрдых доказаў і ўпэўненасці. Гэта ўжо па-за межамі прагнозаў. Я кажу тут пра тэндэнцыі. І яны вось такія.

Герб, сцяг нам могуць пакінуць. Мы можам стаць у выніку другім Татарстанам. Можам атрымаць расійскі рубель. І гэтага ўжо дастаткова, каб апынуцца на прывязі назаўсёды. Гэта была б страта значнай часткі суверэнітэту. Для мяне гэта непрымальна.

У Расію лёгка ўвайсці, але няпроста выйсці. Захад за нас змагацца не будзе. Ён, канечне, асудзіць, зробіць пэўныя захады. Але змагацца за сябе мы мусім самі.

— Што вы можаце сказаць пра ўдзел у сённяшніх пратэстах рабочых?

— У такіх радыкальных зменах, якія трэба прайсці Беларусі на шляху ад дыктатуры да дэмакратыі, безумоўна, рабочы рух — адна з асноўных сілаў.

І тое, што ўлада спрабуе жорстка задушыць, пакараць лідараў, напалохаць іх, паказвае, што ў асяродку рабочых ёсць пратэст не толькі эканамічны, як гэта часта бывае. Але і пратэст маральны.

І гэтым яны моцна падтрымалі вуліцу. Рабочыя прадэманстравалі сваю моц і свядомасць. Я ганаруся імі.

Поделиться: