Тадеуш Кондрусевич. Фото https://katolik.life/

З нагоды таго, што ўлады адмовілі кіраўніку Каталіцкага Касцёла Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў краіну, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі зрабіла адпаведную заяву. Яе надрукаваў catholic.by. Стыль і арфаграфія арыгінала захаваныя.

Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з забаронай на ўезд у Рэспубліку Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што 31 жніўня 2020 г. пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.

Недапушчальна, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і несці ў ёй служэнне, даверанае яму Святым Айцом Францішкам.

Забарону на ўезд на тэрыторыю Беларусі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць нязгоднай з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэтыя і падобныя дзеянні асобных органаў улады не спрыяюць будаўніцтву канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у нашай краіне, не служаць змяншэнню напружанасці і пераадоленню глыбокага падзелу ў грамадстве.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае надзею на тое, што адмова арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь з’яўляецца толькі прыкрым непаразуменнем, якое як найхутчэй будзе вырашана, а таксама што падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, а таксама да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб руплівай малітве ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.

Ад імя каталіцкіх біскупаў Беларусі

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Юзаф Станеўскі
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі
Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Гродна, 2 верасня 2020 г.

Поделиться: