Валерый Шчукін

Апазыцыйны палітык, праваабаронца Валерый Шчукін цягам двух тыдняў знаходзіцца на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Мінску. У шпіталь яго даставіла хуткая дапамога пасля рэзкага пагаршэння здароўя. Дагэтуль, паводле Валера Шчукіна, стан ягонага здароўя цяжкі, паведамляе Свабода.

«Што ў мяне? Хворыя ныркі, пячонка, шмат іншых праблем. Адчуваю слабасць — чуеце ж, як размаўляю. Стары ўжо, відаць, прыходзіць час. Але спадзяюся, яшчэ працягну», — сказаў Валер Шчукін у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды. Паводле Валерыя Шчукіна, дактары шпіталя робяць усё магчымае, каб ён паправіўся, але пра аперацыю гаворкі пакуль не ідзе.

«Нічога не кажуць пра аперацыю, хочуць ці не хочуць, не ведаю. Ляжу пад кропельніцай, прымаю лекі. Але нібыта робяць усё, што могуць, скардзіцца няма на што», — сказаў Валерый Шчукін пра лячэнне ў вайсковым шпіталі.

Валерый Шчукін — дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, дзе ўваходзіў у апазіцыйную групу. Валерый Шчукін падпісаўся за імпічмент прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і пасля разгону парламэнта ў 1996 годзе заставаўся актыўным удзельнікам апазіцыйнай барацьбы. Спадара Шчукіна шмат разоў затрымлівалі на апазіцыйных акцыях, каралі арыштамі і штрафавалі.

Валерый Шчукін сказаў, што і са шпіталя працягвае сачыць за сітуацыяй у краіне, і гэтак пракамэнтаваў падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня:

«Думаю, мы пераможам: пратэсты не сціхаюць, іх сацыяльная база пашыраецца, вось толькі каб страляніны не было. Лукашэнка вунь з аўтаматам ужо бегае. Як кадравы афіцэр я ведаю, што гэта азначае: пагрозу людзям, спробу іх прыстрашыць. Так, з яго ўжо смяюцца, людзі ўсё менш яго баяцца, але ўсё ж паводле закону жанру на трэці раз зброя можа стрэліць. Гэтага нельга выключаць, трэба сцерагчыся», — сказаў Валерый Шчукін у адрас дэманстрантаў.

Валерыю Шчукіну 78 гадоў. Ён былы капітан 2-га рангу, служыў на Ціхаакіянскім флоце СССР ва Ўладзівастоку. Быўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета быў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі, пазней з яе выйшаў і далучыўся да дэмакратычнай апазіцыі. У апошнія гады Валерый Шчукін заняўся актыўнай праваабарончай дзейнасцю, але працягваў удзельнічаць і ў апазіцыйных акцыях. Апошні раз Валерыя Шчукіна затрымлівалі падчас дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2017 годзе.

Поделиться: