Момант затрымання выкладчыка

Вадзім Белявец, выкладчык гістарычнага факультэта БДУ, быў затрыманы на плошчы Незалежнасці падчас студэнцкай акцыі.

«Я думаю, што гэты паход з петыцыяй, папраўдзе, быў асуджаны на такога кшталту эксцэсы. Бо, наколькі я ведаю сітуацыю, будынак, да якога ішлі студэнты, з’яўляецца стабільнай пляцоўкай органаў унутраных спраў і гэтак далей, — расказаў “Радыё Свабода” Вадзім Белявец. — Я спрабаваў пераканаць студэнтаў, што гэта будзе мець наступствы. Але калі я пабачыў, што студэнтаў затрымліваюць людзі ў цывільным, я папрасіў іх прадставіцца, яны не назваліся, і мяне затрымалі. Я не супраціўляўся».

Выкладчыка завезлі ў Маскоўскі РУУС, узялі паказанні і адпусцілі. За гэты час шматтысячныя калоны студэнтаў ужо ішлі па вуліцах Мінска.

«Я думаю, што іхныя патрабаванні справядлівыя. Я прытрымліваюся падобных поглядаў, — кажа Вадзім Белявец. — Трэба думаць пра фармат акцый і больш узважана падыходзіць да іх».

Белявец кажа, што 18 жніўня рэактарам БДУ было прынята рашэнне не звальняць супрацоўнікаў і студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях. Таму ён спадзяецца, што з ім «усё будзе добра».

Вадзім Белявец — вядомы беларускі гісторык, археолаг, аўтар шэрагу значных навуковых прац.

Поделиться: