Аляксандар Лукашэнка сваім указам ад 31 жніўня зняў з пасады амбасадара Беларусі ў Іспаніі Паўла Пуставога і пазбавіў яго дыпламатычнага рангу «за неналежнае выкананне службовых абавязкаў». Пра гэта паведаміла афіцыяльнае інфармацыйнае агенцтва БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

18 жніўня Пуставы звярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей», перадае Радыё Свабода.

Наконт падзей у Беларусі Пуставы адзначыў, што «такая сітуацыя непрымальная ў еўрапейскай дзяржаве ХХІ стагоддзя».

Паводле амбасадара, каб мірна вырашыць гэтую сітуацыю, трэба, па-першае, правесці перападлік вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня.

Па-другое, дадаў ён, неабходна правесці «адкрытыя судовыя пасяджэнні» ў адносінах да тых, хто: збіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасці сілавікоў, першым нападаючы з камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і здзекаваўся з затрыманых; здзяйсняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзей.

Поделиться: