Васіль Палякоў

1 верасня суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў пакараў адміністрацыйным 10-суткавым арыштам сябра Кардынацыйнай рады, грамадскага актывіста і палітыка Васіля Палякова. Ён прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якім для ўладаў стаў шматтысячны марш за незалежнасць і мір, што прайшоў у горадзе 30 жніўня.

Пратэстоўцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі па цэнтральных вуліцах горада, скандуючы: “Саша, ты звольнены!”, “Сыходзь!”, “Верым, можам, пераможам!”, “Мы – улада!”, “Гомель, выходзь!”, “Жыве Беларусь!”. Інтэрв’ю Палякова для “Белсата” на фоне мірных пратэстоўцаў фігуравала ў матэрыялах справы як доказ удзелу палітыка ў недазволеным уладамі маршы.

Гэта ўжо другі арышт палітыка за апошні месяц. Зачынілі яго ўлады ў ізалятар, я думаю, апасаючыся, што ён можа ініцыяваць выхад людзей на вуліцу. Васіль Палякоў каардынаваў у рэгіёне незалежнае назіранне за выбарамі, ініцыяваў збор подпісаў за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пад патрабаваннем да Следчага камітэта аб неабходнасці распачаць крымінальную справу супраць амапаўцаў і міліцыянтаў, якія ўчынялі катаванні пратэстоўцаў, не згодных з абвешчанымі афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Палякоў выступаў таксама за дыялог пратэстоўцаў з кіраўніцтвам аблвыканкама і гарвыканкама дзеля ўрэгулявання цяперашняй сітуацыі ў рэгіёне, – кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Напярэдадні міліцыя прэвентыўна затрымала палітыка, калі ён пайшоў даведацца ў суд Цэнтральнага раёна, за што чарговы раз адправілі ў ізалятар пасля абвешчанага судом штрафу яго калегу, сябра АГП Уладзіміра Няпомняшчых. Высветлілася, што Уладзіміра чатыры дні трымалі ў ізалятары што называецца без суда і следства, а 31 жніўня той жа суд Цэнтральнага раёна адмераў Няпомняшчых новыя 10 сутак арышту, таксама за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Поделиться: