Фото https://telegraf.by

Кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама паскардзілася ў афіцыйным тэлеграм-канале на тое, што падчас масавых акцый вытоптваюцца клумбы на плошчы Незалежнасці, наносіцца ўрон службам, якія займаюцца добраўпарадкаваннем у цэнтры горада. Што ж, сталічныя начальнікі маюць права на абурэнне, але ж іх крытыка павінна быць адраснай. Я, напрыклад, не раз браў удзел у пратэстных мітынгах, якія праводзіліся побач з Домам урада і будынкам гарвыканкама. І з усёй адказнасцю скажу: не бачыў, каб нехта таптаўся па клумбах. Калі выпадкова чыясьці нага і трапляла на зялёную траўку, то людзі рабілі такому чалавеку заўвагу – і ён хуценька мяняў месца дыслакацыі. Нават замежнікі здзіўлены высокай культурай мірных пратэстных акцый, якія праходзяць у нас ужо тры тыдні і якія выкліканы беспардоннымі фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Калі спадару Сіваку, які на сённяшні дзень займае пасаду старшыні Мінгарвыканкама, і абурацца, то не ўдзельнікамі мітынгаў, а тымі, хто з’яўляецца на плошчу Незалежнасці, каб сілай разагнаць пратэстоўцаў. Паглядзіце, колькі ў сеціве здымкаў, на якіх бачна, як цэлыя групы асоб у камуфляжнай форме топчуцца па газонах. Вядома ж, пад іх чаравікамі з металічнымі накоўкамі трава жывой не застанецца. Вось ім, шаноўны мэр, і прад’яўляйце прэтэнзіі.

Дарэчы, сталічная міліцыя, АМАП знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні Мінскага гарвыканкама. Дык што, спадар Сівак, вы не можаце іх акультурыць, сказаць, каб яны вучыліся паводзіць сябе так, як паводзяць удзельнікі мірных пратэстных акцый? Няхай яны за свой кошт і аднаўляюць кожную пашкоджаную клумбу на плошчы Незалежнасці.

Поделиться: