Мітрапаліт мінска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся са службовай паездкі з Польшчы. Зараз ён знаходзіцца на памежным пераходзе ў польскай Кузніцы Беластоцкай.

“Я цяпер знаходжуся ў Кузніцы Беластоцкай. Мяне не ўпусцілі беларускія пагранічнікі і вярнулі назад, – паведаміў нам мітрапаліт. – Усе падрабязнасці будуць пазней, больш нічога сказаць не магу”.

Кіраўніку беларускага каталіцкага епіскапата адмовілі ва ўездзе ў краіну без тлумачэння прычын. Дарэчы, ён з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

У нядзелю кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі даў інтэрв’ю польскаму хрысціянскаму тэлеканалу TV Trwam. Некаторыя яго выказванні апублікаваў партал catholic.by.

На думку мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча «ёсць падставы меркаваць, што выбары праходзілі несумленна. Касцёл у Беларусі хоча мірнага вырашэння. Я заклікаў да пакаяння ўсіх тых, хто быў вінаваты, бо гэта так, і мы не адны. Каталіцкі касцёл і Праваслаўная царква выступаюць з падобнымі прапановамі».

Поделиться: