Чаму Беларусі патрэбна перамога мірных пратэстаў?
Валерий Карбалевич

Ці звярнулі вы, шаноўныя чытачы, увагу на такую цікавую акалічнасць. На мітынгах у падтрымку Лукашэнкі, якія арганізуюцца па ўсёй краіне, гучаць заклікі: “Не дадзім раскалоць краіну”; “Мы – адзін народ”, “Не трэба разгойдваць сітуацыю”. І іншае ў тым жа рэчышчы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня аб’яднання “Белая Русь” Генадзь Давыдзька на сустрэчы з выбаршчыкамі сказаў: “Мне сэрца баліць, каб не было расколу ў нашай краіне, а ён ужо ёсць”.

Аднак рыторыка дзяржаўных медыя, і асабліва Лукашэнкі, абсалютна процілеглая. Ён не кажа пра адзінства, кансалідацыю, не заклікае да аб’яднання, кампрамісу, паразумення, згоды. Наадварот, ён дэманізуе тых людзей, якія выступаюць супраць яго, аб’яўляе іх ворагамі. Гэта, маўляў, “правакатары”, “адмарозкі”, “авечкі”, “п’яныя”, “абкураныя”, “наркаманы”, “прастытуткі”, “пацукі”. Ды і яны нібыта кіруюцца з-за мяжы.

Паводле яго ацэнак на вуліцах пратэстуюць падлеткі ва ўзросце 16–17 гадоў, якія выйшлі з-пад кантролю бацькоў. Паводле рыторыкі Лукашэнкі, сапраўднага народу на вуліцах няма. Ён не толькі не хоча размаўляць з тымі, хто вось ужо чацвёрты тыдзень прымае актыўны ўдзел у масавых пратэстах, ён не прызнае іх існавання. Яго выступленні прасякнуты мовай варажнечы, ён распальвае нянавісць да народа. Лукашэнка размаўляе з насельніцтвам мовай грамадзянскай вайны.

Як і можна было чакаць, стаўка робіцца на падтрымку сілавых структур. А.Лукашэнка рэгулярна сустракаецца з іх кіраўніцтвам, а не з апанентамі. Ніякага сцэнарыя вырашэння канфлікту, акрамя сілавога, ён, як мне здаецца, не бачыць.

Вялікае абурэнне грамадства выклікалі збіццё і катванне людзей АМАПам. Аднак Лукашэна ўзяў пад абарону не ахвяр, а тых, хто катаваў. Выступаючы на Мінскім заводзе калёсных цягачоў, ён сказаў: “Цяпер пра тое, што хтосьці кагосьці зьбіў. Цалкам дакладна. Але большасць, пасля таго як разабраліся, на Акрэсціна атрымалі тыя, хто кідаўся на мянтоў». Гэта значыць, паводле ягонай рыторыкі, яго слоў, пацярпелі не мірныя жыхары, а супрацоўнікі АМАПу. Яны – галоўныя ахвяры. І гэтыя ахвяры прагнуць помсты.

Таму Лукашэнка дэманстратыўна ўзнагародзіў больш за 300 супрацоўнікаў міліцыі, частка з якіх ўжывала катаванні да затрыманых грамадзян. Гэта не проста дэманстрацыя, а свядомая палітыка. Ён паказвае, што яму пляваць, што пра яго падумае грамадства. Цяпер Лукашэнку гэта абсалютна не цікава. Узнагарода супрацоўнікам МУС – гэта апраўданне іх дзейнасці, індульгенцыя, карт-бланш на любыя злачынствы супраць беларусаў, сродак максімальна заангажаваць іх у сваю абарону.

Вось яны – новыя героі рэжыму. Героі для ўлады і злачынцы для грамадства. Гэта класічная сітуацыя грамадзянскай вайны. Лукашэнка, я лічу, робіць стаўку на вайну і не хавае гэтага. Наадварот, адкрыта дэманструе. Каб запужаць праціўнікаў.

Гледзячы па ўсім, супрацоўнікаў МУС не хапае дзеля абароны рэжыму. Таму Лукашэнка мабілізуе войска. 23 жніўня ўпершыню ў гісторыі беларускае войска вывелі на вуліцы сталіцы дзеля ўмяшання ва ўнутрыпалітычны канфлікт. Прычым вайскоўцы былі ўзброены аўтаматамі Калашнікава, баявой зброяй.

Заявы міністра абароны Віктара Хрэніна выглядаюць не зусім адэкватнымі. Ён услых разважае пра гатоўнасць арміі да грамадзянскай вайны, кажа пра генацыд, пра магчымую падтрымку пратэстуючых амерыканскімі ваеннымі самалётамі (?). 23 жніўня ён папярэдзіў, што гатовы выкарыстаць войска супраць людзей проста таму, што яны ходзяць з нейкімі няправільнымі сцягамі.

У гэты ж дзень мы ўбачылі Лукашэнку ў бронекамізэльцы з аўтаматам у руках. У такой жа экіпіроўцы быў і ягоны сын Коля. Нам паказалі, што Лукашэнку давялося самому ўзяцца за зброю, узброіць непаўналетняга сына і выйсці, як кажуць, на апошні бой. Бо ён не давярае нікому. Прычым зброя дзеля абароны ад мірных пратэстоўцаў. Усё гэта паказвае, у якім свеце ён жыве.

Тым часам Лукашэнка увесь час усім пагражае. Абяцае разабрацца з тымі, хто супраць яго пратэстуе. Пагражае закрыць тыя прадпрыемствы, на якіх пачнуцца страйкі. Пагражае студэнтам, кажа, што забярэ іх у войска, калі яны будуць удзельнічаць у пратэстным руху.

Тым часам у краіне пачаліся масавыя чысткі. Лукашэнка даручыў міністру адукацыі звольніць усіх настаўнікаў, якія не падтрымліваюць яго. З’явілася распараджэнне Міністэрства спорту перагледзець спіс тых спартсменаў, хто атрымлівае так званыя прэзідэнцкія стыпендыі. Звальняюць заслужаных кіраўнікоў установаў культуры, адукацыі, навукі, медыцыны. Разгромлены Купалаўскі тэатр. Забаронена незалежным газетам друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз “Белпошту” і “Белсаюздрук”.

Такім чынам, у Лукашэнкі, акрамя палітычных рэпрэсій, няма ніякай канструктыўнай праграмы дзеля вырашэння палітычнага крызісу ў краіне.

Цікава, што Уладзімір Пуцін у нядаўнім інтэрв’ю казаў пра нейкую канстытуцыйную рэформу ў Беларусі, якая павінна, паводле ягонага меркавання, вывесці Беларусь з сённяшняга тупіка. Маўляў, вось будзе прынята новая Канстытуцыя на рэферэндуме, потым пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

З інтэрв’ю Пуціна вынікае, што такія абавязацельствы узяў на сябе Лукашэнка ў адказ на расійскую дапамогу. Сам Лукашэнка пра гэта амаль ніяк не ўзгадвае.

Але нават калі ўявіць, што такі сцэнарый сапраўды акажацца рэалізаваным у Беларусі, то наўрад ці гэта можна будзе назваць нейкай сур’ёзнай рэформай. Хутчэй, усё стане суцэльнай імітацыяй. Новая Канстытуцыя, на маё разуменне, павінна распрацоўвацца і прымацца новым прэзідэнтам, а таксама не пры гэтым парламенце, які фактычна прызначаны Лукашэнкам, а пры тым, які выбярэ народ.

Але спачатку народ павінен перамагчы.

***

Публікацыя — з № 69 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: