Гомельскія ўлады змянілі тактыку супрацьстаяння з пратэстоўцамі, якія выступаюць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і правядзенне сумленных і справядлівых выбараў. Яны сталі займаць цэнтральныя плошчы горада і ходнікі на асноўных вуліцах, дзе ладзіліся мітынгі і ланцугі салідарнасці, рознымі афіцыйнымі імпрэзамі.

Да прыкладу, 29 жніўня на плошчах Леніна і Паўстання разгарнулі гандаль прамысловымі таварамі ды сельскагаспадарчай прадукцыяй. Гандляры стаялі да самага цямна, нягледзячы на адсутнасць пакупнікоў.

Гандаль сёння зусім слабы. Але арганізатары рэкамендавалі нам стаяць да 21-й гадзіны, – тлумачыць Святлана, працаўніца КСУП “Дзяржынскі-агра” Рэчыцкага раёна, з якой на заходзе сонца давялося пагутарыць на плошчы Леніна.

Вялікі грузавік, што прыгналі ў Гомель за паўсотні кіламетраў, так і застаўся напоўнены бульбай, морквай ды буракамі. У гэтую пару гараджане звычайна не запасаюцца гароднінай на зіму. Купляюць, як кажуць прадаўшчыцы, пару морквін ды кілаграм-два бульбы.

Пляцоўкі каля драмтэатра і сквер Кірылы Тураўскага таксама занятыя. Тут выступаюць ансамблі ў складзе кабет саліднага ўзросту, пранікнёна заводзяць “кадрыль калгасную і фабрычную” ды іншую расійскую папсу.

Мужчына на ровары цікавіцца, што сёння за свята ў горадзе? Шчыра адказваю, што не ведаю. Пытаемся пра гэта ў пажылой пары.

Дык свята Беларусі сёння, – кажа гараджанка сталага веку.

Тлумачэнні яснасці не дадалі – дні чыгуначніка, дэсантніка, будаўніка мінулі, а Дзень шахцёра –толькі заўтра, 30 жніўня.

Плошча Перамогі насупраць адміністрацыі Чыгуначнага раёна аказалася застаўленая дзіцячымі малюнкамі, як і ходнікі на вуліцы Савецкай.

На тэрасе каля цырка ў шапіках прадавалі школьнае адзенне, пісьмовыя прыналежнасці, тавары “Белсаюздруку”.

На пляцоўцы побач з цыркам, дзе ў маі–чэрвені збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў жніўні ладзілі ланцугі салідарнасці, моладзь з бел-чырвона-белымі сцягамі танцавала пад музыку рок-гурта. Міліцэйская інфармацыйная група УУС аблвыканкама папярэджвала, што збірацца на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы нельга, за гэта прадугледжаны штраф альбо адміністрацыйны арышт. Адзін з афіцэраў міліцыі нахабна здымаў маладзёнаў на смартфон, як бы паказваючы сваёй выхадкай, што ўсё пад кантролем.

На вуглу сквера Грамыкі ўлады паставілі старэнькае піяніна. Любы ахвочы мог запраста сыграць на ім “сабачы вальс” альбо, маючы талент, “Кайзер вальс” Іагана Штрауса.

Гомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустах

Гомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустахГомель: «Дзяржынскі-агра» на плошчы і піяніна ў кустах

Поделиться: