Затрыманні журналістаў у Мінску. 27 жніўня 2020 года

У краіне ўладамі брутальна зачышчаецца інфармацыйная прастора.

28 жніўня ўвечары здымачную групу тэлеканала ARD пазбавілі акрэдытацый МЗС, а значыць, і права працаваць у Беларусі. Двух расійскіх журналістаў – Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна – дэпартуюць. На іх беларускага калегу Ілью Кузняцова склалі пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве, паведамляе Euroradio.

29 жніўня раніцай патэлефанавалі журналісткам BBC Таццяне Мельнічук і Таццяне Януцэвіч. Іх таксама пазбавілі акрэдытацыі МЗС, якая неабходна для працы ў Беларусі.

Акрэдытацыі пазбаўленыя таксама наступныя прадстаўнікі СМІ.

“Радыё Свабода”: Алесь Дашчынскі, Алег Груздзіловіч, Уладзімір Грыдзін, Аляксандра Дынько.
Reuters: Васіль Фядосенка.
AP: Юрась Карманаў, Сяргей Грыц.
AFP: Сяргей Гапон.
RFi: Генадзь Шарыпкін.
“Настоящее время”: Раман Васюковіч.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў “Свабодзе”, што рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на аснове прадстаўлення Мiжведамаснай камiсii бяспекі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэння, ён назваць адмовіўся.

Што за камісія пазбаўляе акрэдытацый замежных журналістаў?

Камісія створаная ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў лістападзе 2017 года. Яна працуе пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь, а ўзначальвае яе Уладзімір Арчакоў, намеснік Дзяржсакратара СБ, нагадвае Euroradio.

Апошні раз яе склад змяняўся 20 мая. У камісію ўвяходзяць сілавікі з Савета Бяспекі, Следчага камітэта, Мінабароны, МУС, ААЦ, КДБ. А таксама невялікая колькасць “грамадзянскіх асобаў”:

Андрэй Кунцэвіч і Вольга Шпілеўская з Адміністрацыі прэзідэнта;
Віталь Краснабаеў з прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі;
Сяргей Несцяровіч з Мінсувязі;
Яўген Шастакоў з Міністэрства замежных справаў;
Ігар Марзалюк – дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па адукацыі, навуцы і культуры;
Усевалад Янчэўскі – кіраўнік Парка высокіх тэхналогій.

Удзельнічаюць у пазбаўленні журналістаў замежных СМІ права на працу і супрацоўнікі дзяржаўных медыяў:

Дзмітрый Жук – галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты “Беларусь Сегодня”;
Аляксандр Карлюкевіч – галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты “Звязда” (увайшоў у склад камісіі яшчэ як Міністр інфармацыі);
Марат Маркаў – кіраўнік АНТ.

Чатайце тэрміновыя навіны на на нашым тэлеграм-канале.

Поделиться: