Изображение https://by.usembassy.gov

29 жніўня дыпламатычнае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Рэспубліцы Беларусь зрабіла спецыяльную заяву аб неабходнасці спыніць пераслед і затрыманне журналістаў і блакаванне доступу ў інтэрнэт у Беларусі. Публікуем яе цалкам. 

Мы занепакоеныя працягам пераследу журналістаў, блакаваннем незалежных СМІ і апазіцыйных вэб-сайтаў, перыядычнымі адключэннямі інтэрнэту і адвольнымі затрыманнямі мірных грамадзян, якія рэалізуюць свае правы на свабоду сходаў і слова.

Мы заклікаем урад Беларусі праявіць стрыманасць. Як запэўніў намеснік дзяржсакратара Біган падчас свайго выступу ў АБСЕ ў Вене і як мы ўжо заяўлялі раней, Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць да неадкладнага вызвалення несправядліва затрыманых і высвятлення лёсу асоб, зніклых без звестак.

Мы падтрымліваем беларускі народ у яго імкненні да дэмакратычнай, квітнеючай будучыні і падтрымліваем яго заклік да ўрада Беларусі правесці дэмакратычныя рэформы і паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. Мы прытрымліваемся нашага доўгатэрміновага абавязацельства падтрымліваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама імкненне беларускага народа выбіраць сваіх лідараў і выбіраць свой уласны шлях без знешняга ўмяшання.

Нагадаем, што ўлады Беларусі адключылі доступ у інтэрнэце да некаторых замежных і незалежных айчынных інфармацыйных рэсурсаў. Напярэдандні і раней сілавікамі было затрымана шмат журналістаў. Многія прадстаўнікі замежнай прэсы былі пазбаўлены акрэдытацыі.

 

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым тэлеграм-канале.

Поделиться: