Днямі на аўтастрадзе М1 (Брэст–Масква) я назіраў даўжэзную, да сотні машын, вайсковую аўтакалону, якая рухалася ў бок Мінска. Бэтээры (іх было найбольш), грузавікі з салдатамі, нават палявыя кухні. Наяўнасць апошніх сведчыць, што вайсковая частка пакінула месца сталай дыслакацыі надоўга.

Што здарылася? Беларускую сталіцу захапілі чужаземцы, і яе трэба вызваляць? Над Мінскам крыляе на парашутах перакінутая з захаду дывізія НАТА? Ужо прыляцелі на верталётах узброеныя да зубоў “ветлівыя чалавечкі” з усходу? Ды не, гарачыя галовы ў беларускім Міністэрстве абароны, пабачыўшы, як іхні галоўнакамандуючы бегае з аўтаматам каля Палаца Незалежнасці, вырашылі, што пара пагуляць у вайнушку, і адпаведныя загады пайшлі ў гарнізоны.

Праўда, ёсць адна праблема. Адсутнічае вораг. Няма яго, знешняга агрэсара, хоць у сто бінокляў прыглядайся.

І тады Генштаб беларускай арміі ворагам прызначыў… уласны народ, які вось ужо два тыдні выходзіць на шматтысячныя шэсці і патрабуе новых і свабодных выбараў. Але і тут закавыка: народ не штурмуе ўрадавыя будынкі, не закідвае камянямі Міністэрства абароны, не перакульвае на вуліцах аўтазакі, куды апрычнікі ў чорных масках закідваюць прахожых. Увогуле нічога не штурмуе, нікога не пабівае камянямі, нічога не перакульвае. Усе шэсці носяць выключна мірны характар.

Але на тое ён і Генштаб, каб прыдумваць ваенныя аперацыі. Яго кіраўнік генерал Аляксандр Вальфовіч прыдумаў, што будзе абараняць беларускае войска, выступіўшы з наступнай заявай: “Мы не дадим осквернять наши памятники, разрушать систему образования, запугивать наших граждан…”

У недасведчанага чытача пасля генеральскай заявы можа скласціся ўражанне, што ў Мінску пратэстоўцы ўжо звалакаюць з п’едэсталаў помнікі, рабуюць музеі і апаганьваюць мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны.

Але ўсё гэта мае месца толькі ў галаве лукашэнкаўскага генерала. Паколькі ўсе помнікі-святыні – на сваіх месцах, ніхто ў іх і каменьчыкам не кінуў. І не збіраецца кідаць. Дык ад каго Генштаб і падначаленая яму армія збіраецца бараніць тыя помнікі? І хто насамрэч запалохвае грамадзян?

Генштабу хіба давядзецца зрабіць, як на вучэннях, раздзяліўшы салдат на “сваіх” і “чужых”. Адны будуць нападаць і “осквернять”, а другія – бараніць да апошняга (халастога?) патрона. Уявіце сабе акапаныя супрацьтанкавымі равамі і аплеценыя калючым дротам помнікі Скарыну ці Якубу Коласу на праспекце Незалежнасці ці Музей гісторыі ВАВ на праспекце Пераможцаў (яго ўжо “закалючылі” ў два шэрагі спіралі Бруна). Генерал Вальфовіч дае адначасова дзве каманды: “На штурм!” і “Ни шагу назад!”…

Смешна? Але з узброенай арміяй так не жартуюць. Ды і Генштаб – не цырк, дзе клоўны весяляць публіку.

А з якога, прабачце, бадуна той жа генерал Вальфовіч сабраўся ўзяць пад сваю мілітарную апеку ўстановы адукацыі? Ён што, сабраўся ў кожную студэнцкую аўдыторыю паставіць па бэтээры? А ў двары кожнай школы ўкапаць па танку? І ўзяць на прыцэл усіх, хто адважыўся прайсці міма?

А можа, генерала занепакоіла, што адзін з навучэнцаў Ліцэя БДУ ўзяў у рукі баявы аўтамат? Дык гэтую зброю даў яму – няпоўналетняму! – бацька-галоўнакамандуючы…

Шаноўныя вайскоўцы, калі ласка, астыньце! Вас правакуюць, вас хочуць запляміць крывёй, як ужо заплямілі АМАП. Не ідзіце на вайну з уласным народам – гэта найгоршае, што можа здарыцца ў кар’еры вайскоўца.

Лепш ужо збівайце з баявых верталётаў надзіманыя шарыкі на мяжы, як гэта нядаўна мела месца на Ашмяншчыне. Клацаць зброяй перад мірна настроенымі суайчыннікамі, сярод якіх, я ўпэўнены, ёсць і вашы родныя, – прыкмета зусім не адвагі, а, наадварот, баязлівасці. А вы ж не бязродныя баязліўцы, гатовыя выканаць любы, нават злачынны, загад. Памятайце прысягу, не будзьце сабакамі на шворках, якіх крыважэрны гаспадар вырашыў нацкаваць на людзей.

Вы прысягалі не гаспадару, а народу.

Публікацыя – з № 68 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: