Арцём Савіцкі.

На «Гомсельмашы» за палітычныя погляды звольнілі маладога рабочага.

21-гадовы гамяльчанін Арцём Савіцкі ніякі не Рабесп’ер і тым больш не Ігнат Грынявіцкі. Ён – звычайны электраманцёр ААТ “Гомсельмаш”. 21 жніўня Арцёма звольнілі з прадпрыемства паводле пункта 6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – “за невыкананне працоўных абавязкаў без уважлівых прычын”, да таго ж нібыта хлопец меў “нязнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне”.

«Начальнік прафсаюза стаў першы крычаць на мяне»

“Мяне паклікалі, – расказвае Арцём, – на пасяджэнне прэзідыума прафкама “Гомсельмаша”, і начальнік прафсаюза Швед, замест таго каб абараняць, першы стаў крычаць на мяне: “Што ты бегаеш па заводзе, інтэрв’ю нейкія раздаеш, страйкі ладзіш?! Гэта незаконна!” Я яму і кажу: “Вы ж нібыта мяне абараняць павінны, а не крычаць”. Яны зачыталі нейкі акт правапарушэння аб тым, што я здымаў на тэлефон, як мяне зачынілі на замок у цэхавым памяшканні майстроў, а таксама калектыўную скаргу з тэлефоннай станцыі, дзе я нібыта не замяніў электралямпачкі, – і вырашылі даць згоду на маё звальненне”.

Арцём дадае: перад пасяджэннем у яго забралі мабільнік, папярэдзілі, што пасяджэнне мусіць праходзіць без любой сотавай сувязі.

“Я сказаў, што не аддам тэлефон. Але калі і члены прэзідыума вылажылі на стол свае мабільнікі, я павёўся і паклаў свой. Іх тут жа вынеслі ў іншае памяшканне. Відаць, баяліся, каб я не запісаў усё, што адбывалася”.

Перастрэлі на паўдарозе

Гісторыя звальнення Арцёма Савіцкага з цэха электрасетак і падстанцый “Гомсельмаша” пачалася, бадай, у пазамінулую пятніцу, 14 жніўня. Малады электрык даведаўся, што за дзве гадзіны да заканчэння змены на транспартнай прахадной збіраюцца рабочыя, каб патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення ўсіх затрыманых за акцыі пратэсту супраць агучаных Цэнтрвыбаркамам вынікаў галасавання, а таксама пакарання віноўнікаў гвалту над мірнымі жыхарамі.

“Мы ішлі да транспартнай прахадной разам з рабочымі корпуса зваркі і афарбоўкі. Разам было больш за трыццаць чалавек. Нас перастрэў генеральны дырэктар “Гомсельмаша” Аляксандр Новікаў са сваёй світай. Мы сказалі дырэктару, што будзем страйкаваць, бо хочам быць разам з народам, хочам заступіцца за пабітых, каб адчувалі, што яны не адны”.

Паводле слоў рабочага, гендырэктар, яго намеснік па ідэалогіі і кадрах Аляксандр Канапацкі, прафсаюзны начальнік Іван Швед сталі казаць сельмашаўцам, што страйкаваць можна, калі маецца працоўная спрэчка з наймальнікам, а з палітычных прычын страйк незаконны. Ну і прапанавалі агучыць нашы патрабаванні на месцы, нікуды не рухаючыся. Новікаў, праўда, адразу паабяцаў накіраваць паперу ў ізалятар, каб адпусцілі працаўнікоў “Гомсельмаша”. Гаварылі пра дзясятак затрыманых. З цэха электрасетак і падстанцый у ізалятары апынуліся двое.

Інтэрв’ю перад мостам

Савіцкі, пабачыўшы, што завязваецца дыскусія і кіраўніцтва наўрад ці адпусіць электразваршчыкаў, стаў бачком выбірацца з кампаніі, каб дайсці да прахадной. І дайшоў. Расказаў гараджанам, якія ішлі праз пешаходны мост, як кіраўнікі аб’яднання перастрэлі рабочых, што кінулі працу, на паўшляху да прахадной. Мінакі пляскалі ў ладкі, знялі Арцёма на відэа і выклалі ў інтэрнэт. Але як толькі “папарацы” сышлі, на хлопца наляцеў начальнік аховы: “Ты што тут робіш? Цэх пакінуў? Давай у цэх – працоўны дзень яшчэ!”

Такога націску з боку ахоўніка малады рабочы ніяк не чакаў і крыху сумеўся – ад электрыкаў да прахадной ён сапраўды дабраўся адзін. Яшчэ пару чалавек падышлі з іншых падраздзяленняў, якія паведамілі, што і па другі бок завода людзей таксама затрымалі цэхавыя начальнікі, каб не гуртаваліся каля прахадной.

Арцём вырашыў вярнуцца на сваё працоўнае месца.

“Цэхавае начальства, – кажа Савіцкі, – ужо ведала пра маё “сольнае выступленне” каля транспартнай прахадной, што побач з пешаходным мостам. Начальнік цэха Дзмітрый Язерскі стаў спачатку сарамаціць: “Чаго ты ходзіш туды? Думаеш, там табе грошай з верталёта скінуць?” А потым ужо недвухсэнсоўна намякаў, што такія працаўнікі ні цэху, ні заводу не патрэбны. Язерскі нават не ведаў, як мяне завуць, бо загадаў майстру, паказваючы на мяне: “Гэтага з коскай нікуды не пускаць”.

Пад замком

17 жніўня начальнік цэха Язерскі сустрэў электраманцёра Савіцкага на прахадной, каб суправадзіць да цэха. Па дарозе спрабаваў правесці з маладзёнам “прафілактычную гутарку”.

“Пачаў казаць, як добра жыць у краіне, якую пабудаваў прэзідэнт, настойліва раіў не рабіць глупстваў, забараніў куды-небудзь хадзіць. А куды – нібыта я і сам ведаю і ведаю, чым гэта скончыцца”, – згадвае Арцём.

Аб 11-й гадзіне, наколькі было вядома, рабочыя зноў меліся сабрацца гуртам. Начальнік цэха прыйшоў і сядзеў некаторы час каля працоўнага месца Савіцкага, каб той нікуды не адлучаўся. Гэта адбылося ў невялікім памяшканні ў цэху, дзе электрыкі збіраюцца разам з майстрам, каб абгаварыць вытворчыя заданні.

Арцём працягвае: “Сяджу я ў гэтым памяшканні і чую “чык-чык” у дзвярах. Я за ручку – о, думаю, нічога сабе прыкол: замкнулі дзверы! Ключоў у мяне няма, каб знутры адамкнуць. Хвілін дваццаць чакаю – нідзе нікога. Здымаю відэа і кідаю ў інтэрнэт – яно хутка разлятаецца. Дзесьці праз гадзіну прыходзіць Язерскі, адмыкае мяне і абураецца: “Што ты тут наздымаў? Пайшлі!” Завёў мяне ў табельную – там прысутнічалі табельшчыца і намеснік начальніка цэха Артур Рыжэнка. Усе гуртам сталі на мяне проста гарлаць, абражаць: “Дурань, што ты здымаеш, правакацыі ўчыняеш?! Сам зачыніўся – і здымаеш!” Я асабліва не агрызаўся, сказаў толькі: зняў тое, што было.

Начальнік цэха Язерскі стаў мяне сам на відэа здымаць і казаць, што таксама выкладзе гэта ў навінах: “Ты нам такі не патрэбны, мы цябе звольнім”. Потым Язерскі выклікаў да сябе “на кавёр” і стаў ужо канкрэтна прэсаваць: “Пішы заяву на звальненне або будзеш звольнены праз вымовы. Кантракт я табе ўсё адно не падоўжу”.

Прыйшлі ахоўнікі, склалі акт, што Арцём у працоўны час здымаў відэа на свой прыватны тэлефон на тэрыторыі рэжымнага аб’екта. Копію гэтага акта хлопцу не далі. Не ўзялі пад увагу і яго тлумачэнні, што відэа зняў у адказ на незаконныя дзеянні адміністрацыі цэха.

На наступны дзень, паводле слоў маладога рабочага, за яго дзеяннямі ўжо сачылі канкрэтна. Пільнавалі літаральна на кожным кроку і паведамлялі яго цэхаваму кіраўніцтву.

На месцы меркаванага збору страйкоўцаў стаяў намеснік генеральнага дырэктара Канапацкі з яшчэ нейкімі асобамі. І як толькі электрыкі прайшлі на аб’ект паўз ідэалагічнае начальства, зноў Дзмітрый Язерскі патэлефанаваў Савіцкаму з прэтэнзіямі: “Дзе ты ўжо там ходзіш – прыгодаў сабе шукаеш?”

“Ішоў я на АТС, дзе трэба было замяніць электралямпачкі. І тут я нечакана сустрэўся з жорсткім наездам. Там былі дзве жанчыны і мужчына. Хто яны такія, не ведаю – пэўна, працаўнікі тэлефоннай станцыі. Спыталі маё прозвішча, я адказаў: Савіцкі. Вось тут і пачалося: “Ты што – дэбіл? Малалетні ўрод, ты нас правакуеш, на страйкі агітуеш!” Паляцелі на мой адрас абразы, нецэнзурная лаянка. Я павінен быў маўчаць, але не стрымаўся, адказаў адной даме, што ёй даўно на пенсію пара – дарогу трэба маладым даваць”, – расказвае Арцём.

Калектыўнае «выхаванне»

У выніку трыа з ведамаснай тэлефоннай станцыі напісала на электрыка скаргу, што ён нібыта вёў у іх агітацыю, схіляў да страйку, а калі яны адмовіліся, то Савіцкі накінуўся на іх, лаяўся, абражаў і наогул неадэкватна сябе паводзіў. Прычым падпісалі гэтую скаргу ажно 12 чалавек, хоць прысутнічалі пры інцыдэнце трое. На дадатак заявілі, што электралямпачкі рабочы не замяніў, хоць спачатку электрыкі запісалі, якія лямпачкі патрэбны, каб не пагаршаць якасць асвятлення.

На падставе згаданай скаргі на прэзідыуме прафкама Арцёму канкрэтна паставілі ў віну пункт 6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – невыкананне без уважліых прычын працоўных абавязкаў. На гэтай падставе і звольнілі з працы 21 жніўня.

З фармулёўкай звальнення не згодны

Арцём нарадзіўся і вырас у Гомелі. Атрымаў базавую адукацыю ў 57-й школе, што ў мікрараёне “Гомсельмаш”. Пасля скончыў каледж машынабудавання, што таксама побач з заводам. У 2017 годзе паступіў на завод электрыкам 3-га разраду. Кажа, што атрымліваў “чыстымі” 370–420 рублёў. Нядаўна хлопцу прысвоілі 4-ы разрад, але заробку па-новаму ён так і атрымаў.

“Я не трымаюся за “Гомсельмаш”, бо ўмовы працы і аплата тут не з лепшых. Даводзіцца бегаць, шукаць тыя ж лямпачкі альбо аўтаматычныя выключальнікі для электрасетак. Не згодны я толькі з фармулёўкай звальнення. Таму праз праваабаронцаў звярнуўся ў суд, каб загад быў адменены. Звольнілі мяне за няўдалыя спробы ўдзельнічаць у страйку, якога па вялікаму рахунку не было”, – кажа малады сяльмашавец Арцём Савіцкі.

***

У схожых абставінах апынуўся і яго аднагрупнік па каледжы электраманцёр Яўген Астранок, які таксама падтрымліваў намер страйкаваць у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Праўда, Яўген не ўпарціўся і напісаў заяву на звальненне па асабістым жаданні.

Публікацыя – з № 68 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: