Суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Фота аўтара

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі 28 жніўня прызнаў вінаватай пабітую амапаўцамі 18-гадовую студэнтку Лізу Кіржанаву ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аб’явіў ёй папярэджанне.

Дваццаціхвіліннае разбіральніцтва праходзіла ў кабінеце суддзі без сведак і журналістаў. На яго не патрапіў нават сябар дзяўчыны Станіслаў, які разам з ёю вечарам 10 жніўня быў схоплены АМАПам на скрыжаванні праспекта Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай, хоць у пратаколе напісалі, што затрымалі іх на цэнтральнай плошчы.

Па словах Лізы Кіржанавай, суддзя прызнаў яе вінаватай таму, што яна знаходзілася на вуліцы пасля 22 гадзін, хоць па тэлебачанні нібыта аб’яўлялі пра каменданцкі час. Калі студэнтка сказала, што не глядзіць афіцыйнае тэлебачанне, суддзя адрэагаваў так: “Гэта ваша праблема”.

Увечары 10 жніўня Ліза са Станіславам былі ў кавярні, а пасля стаялі на скрыжаванні вуліц каля сметніцы і курылі. Тут іх і схапілі амапаўцы ў чорным і завезлі ў Савецкі РАУС, дзе і АМАП, і міліцыя чынілі здзек над затрыманымі – абзывалі “пачварамі”, ставілі на калені, білі. Двое супрацоўніц міліцыі прымусілі нават распрануцца дагала. Медыкі зафіксавалі ў дзяўчыны пашкоджанне шыйных аддзелаў пазваночніка, сатрасенне галаўнога мозга, сінякі.

Ліза зняла пабоі і звярнулася ў мясцовы аддзел Следчага камітэта з заявай пра катаванне і прыцягненне вінаватых да адказнасці. Дзяўчына праходзіць лячэнне да гэтага часу.

Поделиться: