Леанід Левановіч, пісьменнік

У характары чалавека ўжываюцца розныя якасці, адметныя рысы, пачуцці. Але, мабыць, самым магутным пачуццём з’яўляецца прага ўлады.

О, прага ўлады! Ты мацнейшая за ўсе чалавечыя жарсці. Мацнейшая за каханне да жанчыны, за любоў да маці, бацькі, да родных дзяцей.

Ты, неспатольная прага ўлады, падымала сынаву руку на бацьку, прымушала брата ісці вайною на свайго крэўнага брата. Прага ўлады залівала крывёю краіны і кантыненты. Прага ўлады яднала самых разнамасных людзей – двухногіх драпежнікаў – у адзіны магутны хаўрус. Яны звальвалі караля або цара, прэзідэнта або генсека, а потым грызліся зноў, але ўжо між сабою. І так ад веку да веку. І, мусіць, будзе яно заўсёды.

На бяду Беларусі, амаль усе дзеянні і памкненні кіраўніка дзяржавы прадыктаваны неспатольнай прагай улады, а яшчэ – страхам страціць яе. Гэты страх прымушаў яго мяняць, як пальчаткі, прэм’ераў – іх ён памяняў ажно восем (!). Дай прэм’еру – а сярод іх былі талковыя, дасведчаныя гаспадарнікі – папрацаваць пяць гадоў, дык ён укараніцца, падбухторыць аднадумцаў і спіхне нелігітымнага начальніка. Які не прызнаны светам дваццаць гадоў.

Наш час – гэта час рознакаліберных фэйкаў. Але самы моцны фэйк – гэта 80 працэнтаў галасоў за Лукашэнку на нядаўніх выбарах. З гэтага фэйку і пачалася беларуская драма, а для некаторых сем’яў – трагедыя. Бязлітасны разгон мірнага шэсця ўскалыхнуў увесь свет. “Народная Воля” надрукавала словы знакамітага маэстра Уладзіміра Співакова, якога Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Фрацыска Скарыны пад загалоўкам “Мне стыдно носить Ваш орден”. Далей цытую: “Сегодня на вашем “празднике” царит мракобесие, тирания, насилие и бесконечные примеры крайней жестокости, с которой власти подавляют волеизъявление множества граждан по всей стране”. Усё праўда!

З гнеўным пратэстам выступіла сусветна вядомая спявачка Марыя Гулегіна: “С огромной болью воспринимаю всё то, что происходит в эти дни в родной Беларуси…”

З патрабаваннем спыніць гвалт на вуліцах Мінска, выпусціць усіх арыштаваных выступіў Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў. Тэлежурналісты БТ адмовіліся перадаваць хлусню з экрана.

Лукашэнка не раз кляўся: маўляў, як скажа народ, што я надакучыў яму, то я і сыду. Народ сказаў. Яшчэ да выбараў на вялікім пікеце Святланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор 60 тысяч чалавек магутным хорам сказалі: “Сыходзь!” Але прага ўлады не дазволіла яму пайсці ціха-мірна ў адстаўку пасля 26-гадовага кіравання. Народ вітаў абаяльную, рашучую, смелую жанчыну Святлану Ціханоўскую. Цяпер яна лідар нацыі. Лукашэнка стараецца раскалоць наша грамадства, запалохаць: без яго будзе вайна, “злом краіны”. Ніхто не будзе ламаць Беларусь. Народ уздыхне з палёгкай, уздыхнуць кіраўнікі рознага рангу, бо ніхто не будзе панукаць імі, даваць неабдуманыя даручэнні.

Беларусы – культурная нацыя, гэта ведае ўвесь свет. Днямі патэлефанаваў з Амерыкі сябра. Амерыканцы дзівяцца, як гэта: шматтысячныя маніфестацыі – і ніводнай разбітай вітрыны, ніводнай пабітай машыны, ніводнай спаленай смярдзючай шыны! І на такіх прыгожых, таленавітых людзей па-зверску накінуліся амапаўцы.

Беларусы – законапаслухмяная, цярплівая нацыя. Гэта ў нас ад нашых далёкіх продкаў, ад Льва Сапегі, аўтара першага ў Еўропе зводу законаў – Статута Вялікага Княства Літоўскага, трэцяя рэдакцыя якога выйшла ў далёкім 1588 годзе. З яго Напалеон пазычаў артыкулы для свайго Кодэкса. Мабыць, невыпадкова аўтарам першай украінскай Канстытуцыі з’яўляецца гетман Піліп Орлік, які паходзіць з вёскі Касута, што на Вілейшчыне.

Беларусь перажывае цяжкія часы. Адзін чалавек, хворы на неспатольную прагу ўлады, які крычыць, што наеўся прэзідэнцкага хлеба, паставіў на вушы ўсю краіну, прымусіў еўрапейскіх лідараў сабрацца на экстранную сустрэчу. Вынік: нашы выбары прызналі сфальсіфікаванымі, кіраўніка дзяржавы – нелегітымным. Мудрая Ангела Меркель супакоіла нас: ніхто не будзе Беларусь ламаць, ніхто не будзе націскаць, беларусы самі павінны ўсё вырашыць мірным шляхам, шляхам перамоў.

Жыве Беларусь!

Леанід Левановіч,
пісьменнік

Публікацыя — з № 68 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: