28 жніўня — дзень народзінаў паэта і дыпламата Генадзя Бураўкіна. Гэта лішняя нагода прыгадаць адну гісторыю з жыцця Генадзя Мікалаевіча, калі ён, будучы Надзвычайным і Паўнамоцным паслом, прадстаўляў Беларусь у ААН у Нью-Ёрку.

Дыпламатычная камандзіроўка за акіян была, па сутнасці, ссылкай для Бураўкіна, які, аказаўшыся ў 1990 годзе ў далечыні ад Радзімы, пісаў і пісаў рапарты аб адстаўцы. Але ўсё было марна — афіцыйны Мінск не прымаў адстаўку. Зрэшты, па словах жонкі паэта Юліі Якаўлеўны, былі ў тым іх заморскім жыцці і радасныя дні — гэта калі Беларусь стала незалежнай, і калі ў верасні 1991 года яе дзяржаўнымі сімваламі былі названыя бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

— Як жа мы ўзрадаваліся тады! — прыгадвае Юлія Якаўлеўна. — Праўда, тут жа ўзнікла нечаканая праблема: трэба было павесіць новы сцяг на флагшток каля нашага прадстаўніцтва, але ніхто не ведаў дакладных прапорцый бел-чырвона-белых колераў — ні нашая дыяспара ў Амерыцы, ні, тым больш, у афіцыйным Мінску. Але неяк з дапамогай амерыканскіх беларусаў мы здолелі даведацца пра гэта і самі пашылі і адпрасавалі той першы сцяг… Якія ж мы былі шчаслівыя ў тыя дні! Памятаю, што мы нават плакалі, гледзячы на наш бел-чырвона-белы сцяг. Што ж датычыць Генадзя, то ён вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь, бо на радзіме адбываюцца адраджэнне і беларусізацыя, а ён у гэты час за акіянам! І ўсё адно гэта былі хоць і няпэўныя, але найшчаслівыя дні нашага жыцця ў Амерыцы…

І хоць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі беларускай дзяржаўнасці зусім нядоўга, Бураўкін быў перакананы, што гэта не беззваротна — пра гэта ён казаў за некалькі дзён да сваёй смерці: «Вернуцца», — сказаў Генадзь Мікалаевіч з абсалютнай упэўненасцю, калі я запытаўся ў яго пра гэта. А яшчэ раней ён напісаў:

Калі мы сыдзем з гэтага жыцця,

Сплывем за незабудкавыя далі,

Мы вам гукнём з прадонняў небыцця

Той самы кліч,

Што на зямлі гукалі.

Ён знойдзе вас на ўробленым надзеле,

Прытоены ў траве і сіняве,

Як запавет, як заклік і надзея,

І як апошні выдых наш:

— Жыве!

 

«Іншага сцяга ў нас няма». Што гаварылі пра бел-чырвона-белы сцяг Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін

Гэтаксама і Рыгор Барадулін быў перакананы, што бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» абавязкова яшчэ вернуцца. І тут згадваецца цікавае назіранне паэта Міхася Скоблы: «Хто з творцаў носіць пярсцёнак з выявай “Пагоні” — як знак вечнага шлюбу з Айчынай? Адзін Барадулін». Сапраўды, дзядзька Рыгор, ініцыялы якога — РБ — сімвалічным чынам супалі з «ініцыяламі» Радзімы, ніколі не расставаўся з пярсцёнкам, на якім была адчаканеная старажытная «Пагоня». «Канешне, Міхась не памыліўся, — гаварыў дзядзька Рыгор. — “Пагоня” ў маёй душы яшчэ ад Багдановіча, калі я ў школе чытаў ягоную “Пагоню”».

«Пагоня» і сцяг былі і ў паэзіі Барадуліна:

На белай кашулі чырвоны пісяг

Ад злосці падступнага меча.

Бел-чырвона-белы балючы сцяг

Склікае на сумнае веча.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Узвіўся, як крык, на крыжацкіх касцях —

І погань кіруе ў прадонне —

Бел-чырвона-белы крывіцкі сцяг

У вечным памкненні Пагоні!

Ці ў іншым вершы — пад назвай «Дваццаць пятага сакавіка»:

Мы — ратаі святла,

Крывічы,

Верхачы неўміручай Пагоні.

Маладзік сакалом на плячы,

Гартны меч у цвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака

Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —

Наша свята,

Пароль

І прысяга!

Ці элегічнае:

Хмялюся весняй гаманою

Ў забытай радасці ў гасцях.

Крыляе бусел нада мною

Як бел-чырвона-белы сцяг…

«Іншага сцяга ў нас няма». Што гаварылі пра бел-чырвона-белы сцяг Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін

На абарону нацыянальных сімвалаў неаднойчы паўставаў і Васіль Быкаў. Так, калі трыццаць гадоў таму ворагі бел-чырвона-белага сцяга, як і цяпер, «рупіліся» пра яго дыскрэдытацыю, Быкаў пісаў у адказ: «Пра тое нават нельга сказаць у далёкім ці блізкім замежжы — ніхто цябе не зразумее: чаму так? Які ў гэтым сэнс ці хоць бы якая логіка? Я не ўпэўнены, што тое разумеюць нават тыя, што забараняюць гэтую няшчасную сімволіку. Бел-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму папірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі. Якія яна па крошцы выпрацоўвала ўласнымі высілкамі, высілкамі сваіх найлепшых людзей, збірала і зберагала — праз войны, голад, галечу, іншаземнае панаванне».

Іншым жа разам Васіль Быкаў казаў: «Смешна, вядома, не прызнаваць тое, што асветлена часам, крывёю, якая была праліта за справядлівую справу…» І, называючы бел-чырвона-белы сцяг «агульнанацыянальным, спакутаваным, збэшчаным і святым», дадаваў: «Іншага сцяга ў нас няма і не можа быць».

Фоты: Новы Час

Поделиться: