Барыс Хамайда. Фота: TUT.BY

У Віцебску два знакавыя месцы для сустрэч нацыянальна арыентаваных гараджан – каля Альгерда і каля Хамайды. Велічны помнік вялікаму князю Альгерду стаіць у цэнтры горада на ажыўленым скрыжаванні. І на суседняй вуліцы – грамадскі актывіст Барыс ХАМАЙДА пад бел-чырвона-белым парасонам, які праз доўгі час адваяваў сваё права стаяць тут і збіраць аднадумцаў у родным горадзе без прыніжальных заявак на пікет. Некалькі квадратных метраў ходніка можна сімвалічна назваць персанальнай Хамайдавай Плошчай, дзе вось ужо дваццаць тры гады віцябляне сустракаюцца, дыскутуюць, атрымліваюць незалежныя выданні…

Будучы ў Віцебску, я не мог не сустрэцца з легендарным чалавекам.

– Спадар Барыс, больш за два тыдні працягваюцца пратэсты – сотні тысяч людзей па ўсёй Беларусі выходзяць на вуліцы. Але жаданага выніку гэта пакуль не дало. Лукашэнка катэгарычна не хоча ісці на дыялог з пратэстоўцамі. Як вам бачыцца далейшае развіццё падзей?

– Я перакананы, што хаджэнне па вуліцах нічога не дасць. Трэба рыхтаваць Беларускую Плошчу, сур’ёзна рыхтаваць. І адзіным патрабаваннем гэтай Плошчы мае быць вяртанне легітымнай Канстытуцыі 1994 года. Тады пачнецца раскол кіроўнай эліты, тады сілавікі пачнуць вагацца. І стаяць на Плошчы трэба будзе да канца – тыдзень, месяц, колькі спатрэбіцца. Стаяць, пакуль не будзе выканана галоўнае патрабаванне.

– А з чаго вы ўзялі, што чыноўнікі і сілавікі раптам пяройдуць на бок пратэстоўцаў? За два тыдні перайшлі лічаныя, ды і то ніжэйшае звяно.

– Тлумачу. Чыноўнікам, сілавікам і рэгіянальнай эліце патрэбна страхоўка. Сёння ў інтэрнэце іншы раз чытаем толькі адно: “Вось зменіцца ўлада – вам не пашанцуе”. Слухайце, гэта не справа. Ва ўладных і праваахоўных структурах працуе да паўмільёна чалавек. З сем’ямі гэта значна больш. І што мы з гэтымі людзьмі збіраемся рабіць? А гэта таксама беларускі народ. Ім патрэбна даць шанец. І гэты шанец – Канстытуцыя. Калі яны ўбачаць, што ў краіну вяртаецца легітымная Канстытуцыя, то зразумеюць, што ў нас не будзе варфаламееўскай ночы, ночы доўгіх нажоў. Не будзе расправы. Усё будзе рабіцца толькі па законе.

І яшчэ адзін момант. Цяпер у нас усе лозунгі са знакам “супраць”: “Не дыктатуры!”, “Далоў!”, “Сыходзь!”. А тут будзе – “за”: “За легітымную Канстытуцыю!”. І калі свет убачыць, за ШТО мы змагаемся, мы будзем падтрыманы ўсім цывілізаваным светам. Абавязкова!

– Дык цывілізаваны свет і так падтрымлівае перамены ў Беларусі, асабліва не ўчытваючыся ў тыя лозунгі. Ён у цэлым адэкватна рэагуе на карную аперацыю, якую праводзіць улада ў Беларусі супраць уласнага народа.

– Не, паверце мне як юрысту. Захад памятае, што ў Беларусі ўжо дваццаць чатыры гады няма легітымнай канстытуцыі. Таму ніводныя так званыя выбары не прызнаў. І гэтыя не прызнае. Усе выбары на аснове нелегітымнага заканадаўства будуць непрызнаныя. Не з-за таго, што Ярмошына не так галасы падлічыла… Прычына непрызнання – Канстытуцыя 1994 года. Вернем яе – і толькі тады правядзём нармальныя выбары.

– А чаму ўлада пойдзе на саступкі мірнай Плошчы? Як бачым, яна заняла жорсткую пазіцыю, на Каардынацыйную раду заведзена крымінальная справа.

– Павінны з’явіцца моцныя лідары. А даць іх можа толькі Плошча. Так, мірная. Не трэба захопліваць адміністрацыйныя будынкі. Вяртайце Канстытуцыю! І народ будзе стаяць, пакуль не вернем. І вернем! Паверце! Таму што кожную раніцу ён будзе падымацца з ложка і глядзець у акно – ці стаяць? А мы будзем стаяць. Так я адстаяў сваё права ў Віцебску. Мяне ж, як сабаку, цягалі праз дзень у пастарунак! Гэта ж на вачах у людзей было! Мяне цягалі гадáмі. А я сабе сказаў: “Здохну, але буду выходзіць на гэта месца!” І сёння мяне ўлада ўжо не чапае. Калі гаворка ідзе пра захаванне незалежнай дзяржавы, упартасць – самае галоўнае! Інакш нічога не будзе.

– У вашым самадзейным шапіку свежая прэса, нацыянальная сімволіка. А як часта вы распаўсюджваеце “Народную Волю”?

– Я стаю ўжо дваццаць чацвёрты год, раней стараўся выходзіць амаль кожны дзень. Цяпер, з узростам, бывае, кепска сябе адчуваю, то дзень магу прапусціць. А так я штодзень, апрача суботы і нядзелі, стаяў каля гэтак званага Сіняга дома – у дождж, у снег, у спякоту. “Народную Волю” распаўсюджваў, калі “Белсаюздрук” адмаўляўся яе прадаваць. Я замаўляў газету па тэлефоне, і мне з Мінска перадавалі вялікі пачак. Я распаўсюджваў і грошы некалькі разоў адвозіў у рэдакцыю. А часцей проста так людзям раздаваў – як дабрачынныя выпускі. Цяпер у “Народнай Волі” зноў нібыта праблемы з распаўсюджваннем. Я гатоў…

– Ад Віцебска зусім блізка да мяжы з Расіяй. І Лукашэнка ўжо заявіў, што Крэмль гатовы прыйсці яму на дапамогу. Як вы лічыце, збройнае ўмяшанне Расіі ў беларускі крызіс магчымае?

– Не дай Бог, каб у Беларусі з’явіліся так званыя “ветлівыя чалавечкі”. Тут мы павінны
ўперціся. І прызапасіць “кактэйлі Молатава” для варожых танкаў. Нават у час эйфарыі мы павінны цвяроза думаць галавой. У Смаленску стаіць Кантэміраўская дывізія, ёй дзве гадзіны танкавага ходу да Віцебска. А віцебская дэсантная дывізія невядома для чаго перакінута ў Гродна. Нам трэба быць як ніколі пільнымі. І гатовымі за дзве гадзіны акапацца…

– У Віцебску вас ужо ўспрымаюць як нешта непарушнае, нават сустрэчы прызначаюць “каля Хамайды”. Колькі разоў вас на гэтым месцы затрымлівалі праваахоўнікі?

– Ой, многа! Напачатку я падлічваў, а потым кінуў. Увогуле больш за 100 сутак адседзеў. А колькі штрафаў атрымаў!..

– А хто вам дапамагаў іх сплачваць?

– Ды не сплачваў я іх. Я ж афіцыйна нідзе не працаваў. Доўгія гады мы з маці жылі фактычна з лецішча. Ну і на яе пенсію.

– А маці вам ніколі не казала: “Сынок, ну колькі можна змагацца, лепш пашукай працу”?

– Маці, дзякуй ёй, мяне разумела. Канешне, я ў яе шмат здароўя адабраў… Калі мяне садзілі на чарговыя суткі, яна так перажывала!.. Пражыла 81 год, памерла пасля інсульту.

– Вам 72 гады – даўно пенсіённы ўзрост. Апошнім часам вас, здаецца, не штрафавалі. Дык вы пенсію ўрэшце аформілі?

– У мяне 25 гадоў працоўнага стажу, з іх 15 – у юрыдычнай сферы, нават у аблвыканкаме працаваў. Калі мне споўнілася 60 гадоў, то на мне вісела шмат штрафаў, і я вырашыў не афармляць пенсію. Я вельмі не хацеў плаціць дзяржаве, бо ўсе тыя штрафы – незаконныя! Але дзе можна было іх абскардзіць? У нас жа няма незалежных судоў, незалежнай пракуратуры. І сем гадоў я пенсію не афармляў. Штрафы не было з чаго вылічваць. Калі летась у Вільнюсе адбывалася перапахаванне Кастуся Каліноўскага, я выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам на плошчу, і мне далі штраф – 810 рублёў. Яго дапамаглі сплаціць праваабаронцы.

– Дык а за што вы жывяце?

– Вопратку я даўно не купляю. Усё, што вы бачыце на мне, – гэта сэканд-хэнд. Калі маці была жывая, яна прыносіла з сінагогі старое адзенне. Сем гадоў усе, у тым ліку праваахоўнікі, цікавіліся: а за што Хамайда жыве? Ніякіх жа грантаў не атрымлівае… Я раней нікому пра гэта не казаў. Мая маці была вязнем гета. І немцы выплацілі ёй кампенсацыю, як і ўсім вязням, 15.000 марак. За частку тых грошай я і жыў. Потым яны скончыліся. І ўзнікла пагроза, што мяне выкінуць з кватэры. Толькі тады я пайшоў і аформіў пенсію. На сёння яна складае 360 рублёў. Калі не плаціць штрафы, то можна пражыць.

– Адкуль у вас такое рэдкае і незразумелае для беларускага вуха прозвішча – Хамайда? Набіраеш яго ў інтэрнэт-пошукавіку, і ўсе спасылкі – толькі на вас.

– Так, Хамайда ў Беларусі адзін. Мой брат тры гады жыў у Ізраілі і аднойчы прыйшоў да доктара, які быў арабам. Ён і патлумачыў брату, што Хамайда ў перакладзе з арабскай мовы азначае “прыемны чалавек”. Так што ў маіх жылах цячэ і яўрэйская, і арабская кроў. Мой тата нарадзіўся ў Латвіі. Трое братоў майго дзеда (па бацьку) жылі ў Лондане, і яны яго клікалі да сябе. А ў Беларусі жылі родныя маёй бабулі (па маці), яны клікалі дзеда сюды. Мая маці нарадзілася ў мястэчку Калышкі (цяпер Лёзненскі раён), яе бацька быў равінам у Веліжы. І бабуліны сваякі перамаглі. Калі б дзед з бабай паехалі ў Лондан, то засталіся б жывыя. А так падчас Другой сусветнай вайны амаль усе мае родныя загінулі.

– Унук равіна, “прыемны чалавек” у арабскім свеце, як вы прыйшлі да беларушчыны?

– Дзякуючы аднаму беларусу. У 1942 годзе ўсіх яўрэяў з гета пачалі зганяць на плошчу, каб адправіць на знішчэнне. Маці і бабуля вонкава не былі падобныя на яўрэек. І яны пачалі крычаць: “Мы не яўрэі!” І раптам да немцаў падышоў беларускі настаўнік –Аляксандр Васільевіч Кароткі – і пацвердзіў: “Яны не яўрэі”. А ён жа маму вучыў, ведаў яе з дзяцінства! Немец перапытаў: “Ты праўду кажаш?” І настаўнік паўтарыў свае словы. Ён рызыкаваў жыццём! І не толькі сваім – усю сям’ю, калі што, расстралялі б на месцы! Але, як успамінала мама, ёй тады было 17 гадоў, ніводзін мускул не здрыгануўся на твары настаўніка, ён трэці раз паўтарыў: “Яны не яўрэі”. І немцы адпусцілі маму і бабулю. Іх уратаваў звычайны беларускі настаўнік і вялікі чалавек – Аляксандр Кароткі. Мама мне гэту гісторыю расказвала дзясяткі разоў. І мяне зацікавіла: што гэта за людзі – беларусы? Так я і прыйшоў у беларускі рух.

– Я паглядзеў асартымент віцебскага “Белсаюздруку” – сумнае ўражанне. Думаю, сёння, калі зноў ідзе ўціск на незалежны друк, а Мінінфарм забараняе інфармацыйныя сайты, віцяблянам вельмі не хапае газеты “Выбар”, якую вы выдавалі з 1991-га па 2005 год.

– Цяпер хоць ёсць інтэрнэт, усе сайты не забароніш. А мы тады ледзь не адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі былі. Помню, выпусцілі першы нумар, а памяшкання няма. Пайшоў я да тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама Кулакова: “Уладзімір Панцялеевіч, мы газету пачалі выдаваць, а рэдакцыі няма дзе сядзець”. – “А дзе вы цяпер сядзіце?” – “У нас два пакойчыкі на птушыных правах у будынку “Віцебскага рабочага” (былы орган Віцебскага абкама КПБ). Кулакоў і кажа: “Дык і сядзіце там”. І шэсць наступных гадоў мы сядзелі, не плацячы ні за святло, ні за ацяпленне! Рабілі газету, кожны нумар высылалі Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну, Нілу Гілевічу, Анатолю Вярцінскаму… Эліта беларуская ведала пра наш “Выбар”. І пакуль Кулакоў быў старшынёй, нас ніхто не мог вытурыць. А як толькі ён сышоў – адразу нас пачалі цягаць па судах. Два гады судзіліся. Па судовым рашэнні прыйшлі нас высяляць, а я прыкаваўся ланцугамі да батарэі. Мяне цягнулі, ледзь не зламалі руку. А потым перапілавалі ланцуг і разам з крэслам вынеслі мяне з гэтай рэдакцыі. Во як было.

– Юрыстам пры любой уладзе знойдзецца праца. Вы ніколі не шкадавалі, што пакінулі юрыспрудэнцыю і пайшлі ў палітыку?

– Не, шкадавання не было. Адзінае, аб чым шкадую, што не стварыў сям’і. З галавой аддаўся палітыцы. Але мы жывём у такіх умовах, што на сямейнага чалавека лёгка націснуць, як мы тое шмат разоў бачылі пасля выбараў. Але ўсё роўна шкадую.

– Дык яшчэ не позна, вы такі вядомы ў Віцебску чалавек…

– Яшчэ магу быць запатрабаваны як кавалер? (Смяецца.) Прызнацца, мяне час ад часу такія думкі яшчэ наведваюць. Сапраўды, калі заўтра ўсё пераменіцца, я пакіну свой “пост” і займуся асабістым жыццём. А пакуль пакінуць яго я не магу, я тут адзін.

– Што б вы, як палітычны ветэран, параілі моладзі, якая сёння прыходзіць у палітыку, у грамадскае жыццё?

– Хачу сказаць усім – моладзі ў апазіцыі і сталым ва ўладзе: на хлусні нічога трывалага пабудаваць нельга! Жыць паўпраўдай таксама нельга. Трэба казаць людзям праўду. А праўда вельмі горкая. Пасля 1996 года, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот і рэферэндум не быў прызнаны міжнароднымі прававымі структурамі, беларуская апазіцыя не павінна была ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах, што ладзіліся рэжымам. А яна пачала ўдзельнічаць – у 2001, 2006, 2010, 2015 і 2020 гадах. Цяпер мы фактычна расхлёбваем наступствы.

– Але зладзіць байкот выбараў у нашых умовах немагчыма. Заўсёды знойдуцца пяць канапацкіх, якія вылучацца як прэтэндэнты. І ўладзе іх удзелу будзе дастаткова.

– Паўтаруся: наша галоўная задача – вярнуць легітымную Канстытуцыю 1994 года. Каб Рэспубліка Беларусь увайшла ў прававое поле. Нельга ставіць воз паперадзе каня! І новыя выбары (з Лукашэнкам ці без), калі яны пройдуць не па легітымнай Канстытуцыі, будуць незаконныя. Вы паглядзіце, які сёння ўздым! Беларускі народ маўчаў-маўчаў, а тут прачнуўся. І гэтая народная актыўнасць павінна быць скіравана ў прававое рэчышча. Іншага шляху я не бачу.

Публікацыя — з № 68 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: