Глеб Сандрас, архіўнае фота

Афіцыйная прычына — прагулы​​, піша svaboda.org.

Прэсавы сакратар страйкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас выклаў у інтэрнэт загад аб ягоным звальненні «за прагулы».

«Загад цалкам незаконны. Нас гэтак усіх спрабуюць запалохаць і спыніць страйк. Ведаю яшчэ пра чатыры падобныя выпадкі звальнення ўдзельнікаў страйку на маім 1-м рудаўпраўленні. Калі не скасуюць загад, будзем падаваць у суд», — сказаў “Свабодзе” Глеб Сандрас.

Працаўнік «Беларуськалію» патлумачыў, чаму лічыць загад аб звальненні незаконным.

«Залічылі ў прагулы дні з мінулай серады, у якія я страйкаваў, як нібыта адгулы. Хаця страйкам папярэдзіў, што пачаў забастоўку, бо не выконваюць нашыя патрабаванні. І галоўнае: паводле закону немагчыма звольніць працаўніка за прагулы, не ўзяўшы ў яго тлумачэнняў. А мяне не апытвалі, ніхто з маіх кіраўнікоў нават не пацікавіўся, чаму мяне не было на працоўным месцы. І гэта парушэнне закону. Таму я лічу звальненне незаконным, і калі яго не скасуюць, звярнуся ў суд», — сказаў Глеб Сандрас.

Паводле звестак Глеба Сандраса, у сувязі са звальненнем некалькіх удзельнікаў страйку і пазбаўленнем страйкоўцаў прэміі, якая выплачваецца да Дня шахцёра, Незалежны прафсаюз гарнякоў “Белкалія” рыхтуе прадстаўленне ў адміністрацыю прадпрыемства аб парушэнні адміністрацыяй калектыўнай дамовы.

«Таксама рыхтуецца заява аб тым, што прафсаюз усімі законнымі захадамі будзе адстойваць правы працаўнікоў, якія зведалі спагнанні і звальненне», — паведаміў Глеб Сандрас.

Паводле звестак Глеба Сандраса, 25 жніўня на пляцоўках 1-га рудаўпраўлення не працавалі 23 рабочыя, сёння ў спісе страйкоўцаў 20 прозвішчаў.

Поделиться: