Уладзімір Няпомняшчых

Гомельскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, «кандыдата пратэсту» на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Няпомняшчых міліцыя затрымлівала больш як дзесяць разоў. Яму перашкаджалі сустракацца з выбаршчыкамі, каралі штрафамі, саджалі на суткі.

Няпомняшчых і сёння, 27 жніўня, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама на вуліцы Міжгародняй, 26.

Напярэдадні міліцыя прывезла Уладзіміра з ІЧУ ў суд Цэнтральнага раёна, дзе суддзя Сяргей Кармановіч на падставе міліцэйскага пратакола аштрафаваў Уладзіміра на 810 рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі 25 жніўня.

Судзілі Няпомняшчых на пачатку 19-й гадзіны, хоць суд афіцыйна працуе да 18.00. Пасля агалошвання пастановы Уладзімір пайшоў забраць свае рэчы ў міліцэйскі аўтамабіль, на якім канваіры прывезлі яго ў суд, і назад ужо не вярнуўся, – распавёў былы кіраўнік АГП Васіль Палякоў.

Блізу 21-й гадзіны жонка Няпомняшчых Алена шукала мужа, бо дадому ён не прыйшоў, нягледзячы на рашэнне суда пра штраф. Аказалася, што Уладзіміра зноў завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

“Няпомняшчых знаходзіцца ў нас, – паведаміў сёння а 10-й гадзіне журналісту “Народнай Волі” дзяжурны ІЧУ. І дадаў: Больш нічога сказаць не магу. Няхай сваякі прыходзяць з пашпартам ім раскажам.

Выглядае, што сёння Уладзіміра чакае чарговы суд або яго пакінулі ў ізалятары “дасядзець” папярэднія 15 сутак, якія ён не адбыў пасля таго, як арыштаваных за пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў сталі выпускаць на волю па патрабаванні мітынгоўцаў на вуліцах і працоўных калектываў.

7 жніўня па рашэнні суда Уладзіміра Няпомняшчых зачынілі ў ізалятар на паўмесяца, бо ён арганізаваў незалежнае назіранне за датэрміновым галасаваннем на выбарчым участку №16 Цэнтральнага раёна. Калі камісія не дапусціла Уладзіміра ў памяшканне для галасавання, ён стаў дзяжурыць каля ўваходу і назіраць за галасаваннем разам з Мікалаем Навасельскім праз акно. Па іх звестках, за два першыя дні на ўчастак прыйшлі галасаваць 54 выбаршчыкі, камісія паказала ў пратаколе – 192.

Амапаўцы затрымалі Уладзіміра каля уваходу на выбарчы ўчастак, абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі, а суд Цэнтральнага раёна пакараў яго адміністрацыйным арыштам.

Уладзіміру Няпомняшчых 1 верасня споўніцца 68 гадоў, ён – былы афіцэр міліцыі з 20-гадовым стажам, а зараз – пенсіянер МУС, сябра АГП. У горадзе Уладзімір вядомы як удзельнік апазіцыйных акцый супраць існуючага рэжыму, да таго ж носіць майку “За Беларусь без Лукашэнкі”.

Гомельскі актывіст 68-ы дзень нараджэння можа адзначыць за кратамі
Ізалятар УУС Гомельскага аблвыканкама
Поделиться: