Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Фота https://twitter.com/grsu_grodno

У ходзе размовы студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з рэктарам ўстановы Ірынай Кітуркай ёй былі перададзены пісьмовыя патрабаванні, пад якімі падпісаліся дзве тысячы чалавек.

Рэктару задавалі шмат пытанняў па сітуацыі, якая склалася ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. У прыватнасці, многія датычыліся незаконных затрыманняў і збіцця мірных дэманстрантаў, у ліку якіх былі студэнты і выкладчыкі ГрДУ.

Людзей цікавіла, наколькі законна адбываўся збор подпісаў за Лукашэнку ў працоўны час у сценах універсітэта. Яны гаварылі аб прызнанні вынікаў выбараў, аб канкрэтных кроках з боку кіраўніцтва для перасцярогі насілля супраць студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Студэнты і выкладчыкі сцвярджалі, што зараз законы ў краіне працуюць так, як гэта выгадна ўладзе.

Адказваючы на пытанні, рэктар імкнулася нагадаць, што місія ўніверсітэта: выяўляць і рэалізоўваць патэнцыял чалавека ў прасторы міжкультурнага дыялога. Яна прытрымлівалася пазіцыі не ўмяшання ўніверсітэта ў палітыку і адмовілася выказваць сваё стаўленне да тых працэсаў, якія зараз адбываюцца ў краіне. Адзінае, што падкрэсліла рэктар, – яна супраць насілля і паабяцала не выключаць студэнтаў і супрацоўнікаў за іх палітычныя погляды.

Сустрэча скончылася тым, што прысутныя перадалі рэктару пісьмовыя патрабаванні, пад якімі падпісаліся дзве тысячы чалавек.

Поделиться: