Фота Надзеі Бужан

Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч выклікалі ў Следчы камітэт на допыт па крымінальнай справе як члена прэзідыума Каардынацыйнай рады.

Людзі на вуліцы Фрунзэ каля Следчага камітэта віталі Святлану Алексіевіч авацыяй. Яе суправаджаў ўвесь прэзідыум Каардынацыйнай рады. Яна падзякавала людзям за падтрымку, піша “Наша Ніва”.

«Я не баюся, — сказала яна. — Я адчуваю, што ўсё, што мы рабілі, гэта абсалютна законна. Больш за тое, гэта вельмі патрэбна. У нас на вачах творыцца нацыя. Кожны з нас ганарыцца беларускім народам. Калі мы бачым тысячныя рухі людзей, іх твары. Беларусы сталі народам, пра які даведаўся ўвесь свет. Ніводная вітрына не разбітая. Людзі так дастойна, так мірна сябе вядуць. А тое, што мы бачылі ў першыя тры дні, калі з людзей рабілі мяса, гэта ўжо мінулае стагоддзе. Мы розныя, але ў нас Беларусь — адна краіна. Нам у ёй жыць, разам жыць».

Допыт Святланы Алексіевіч у Следчым камітэце працягваўся 15 хвілін
Фота Надзеі Бужан

«Нам трэба быць разам, не саступаць. І кроў не павінна праліцца. Мы павінны перамагчы духам, сілай сваіх перакананняў», — кажа Алексіевіч.

Нобелеўская лаўрэатка кажа, што спадзяецца, што крыві не пральецца, і выказала спадзеў, што Беларусі дапаможа свет, у тым ліку Расія.

«Цяпер Лукашэнка гаворыць толькі з Пуціным. Трэба, каб ён пачаў гаварыць з народам. Для гэтага нам трэба будзе дапамога свету і, можа быць, нават Расіі, Пуціна, калі мы зможам яе прыцягнуць».

Допыт Святланы Алексіевіч у Следчым камітэце працягваўся 15 хвілін
Фота Надзеі Бужан
Допыт Святланы Алексіевіч у Следчым камітэце працягваўся 15 хвілін
Фота Надзеі Бужан

Допыт працягваўся 15-20 хвілін. У 14:45 пісьменніца выйшла з СК. На большасць пытанняў у СК яна адказаць адмовілася, скарыстаўшыся магчымасцю не сведчыць супраць сябе.

Што я мушу там адказваць, сказала яна журналістам. Гэтыя пытанні ў Мінску гучаць на кожным вуглу. «Я сказала, што мы не вядзем ніякай палітычнай гульні».

Таксама Святлана Алексіевіч сказала, што хацела б пакланіцца загінулым і тым, хто атрымаў калецтвы.

Прысутныя віталі яе воклічам: «Дзякуй».

Поделиться: