Пікет каля МЗС Беларусі, 18 жніўня. Фота Радыё Свабода

Адкліканы і звольнены з Міністэрства замежных спраў трэці сакратар амбасады Беларусі ў Індыі Андрэй Місюра, паведамляе “Радыё Свабода”.

Раней ён падтрымаў мірную акцыю салідарнасці з беларускім народам у Дэлі, пахваліў землякоў з Бярозы, якія выйшлі ў «жаночыя ланцугі», аздобіў свой фатаздымак ў Фэйсбуку бел-чырвона-белым сцяжком і запісаў адмысловы відэазварот.

«Мае любімыя сябры, роднасныя душы, партнёры. Гэта мой апошні дзень у якасці беларускага дыпламата ў Дэлі… Мая сталіца адклікае мяне, у гэтай якасці мая служба скончылася. Сёлетні год разбурае планы, забірае жыццё і змяняе лёсы. Але я ўпэўнены, што праўдзівыя адносіны будуць доўжыцца і будуць выкрышталізоўвацца яшчэ ў лепшай, маляўнічай форме», — адзначыў у прамове па-англійску Андрэй Місюра.

Раней з крытыкай неапраўданага міліцэйскага гвалту супраць мірных пратэстоўцаў выступіў амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня. Пасля гэтага на загад Аляксандра Лукашэнкі ён таксама быў звольнены і дачасна спыніў амбасадарскія функцыі.

За адзіночныя пікеты ля будынку замежнапалітычнага ведамства з фармулёўкай «у сувязі з грубым парушэннем працоўных абавязкаў» былі звольненыя начальнік гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслаў Казачонак і намесніца начальніка ўпраўлення еўразійскай інтэграцыі Алена Копанева.

Поделиться: