Гродзенскія прадпрыемствы і калектывы, якія напачатку анансавалі сваё жаданне баставаць, раптам пакінулі гэтую ідэю і вырашылі не спыняць працу.

Ад патрабаванняў не адмовіліся

На прадпрыемстве “Гроднажылбуд” з 21 жніўня павінна была пачацца забастоўка. Большасць рабочых прадпрыемства за гэта прагаласавалі і паведамілі аб выніках кіраўніцтву. Адміністрацыя ў сваю чаргу даслала ім адказ, у якім гаварылася, што забастоўка незаконная.

Рабочы Дзмітрый распавёў “Народнай Волі”, што яны баставалі шэсць дзён, праца на аб’ектах не вялася, аднак пазней з боку адміністрацыі пачаўся ціск на найбольш актыўных рабочых. У выніку забастоўку вырашылі не працягваць, але ад патрабаванняў адправіць Лукашэнку ў адстаўку і правесці новыя выбары ніхто не адмаўляўся.

Ціснуць…

Рабочыя прадпрыемства “Гродна Азот” патлумачылі, што яны не бастуюць, але па-ранейшаму выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз пратэст: патрабуюць перавыбараў і адстаўкі Лукашэнкі.

“Справа ў тым, што мы не можам прыпыніць працу, бо гэта можа прывесці да катастрофы”, – тлумачыць адзін з рабочых і дадае, што адміністрацыя з імі “абыходзіцца нячэсна”.

Ён паведаміў, што лідару іх стачкама даводзіцца хавацца ад спецслужбаў. Актыўныя рабочыя адчуваюць пастаянны ціск.

Каб не згубіць даходы

Работнікі тытунёвай фабрыкі прагаласавалі супраць забастоўкі. На сходзе прысутнічалі 370 работнікаў, хаця ўсяго на фабрыцы працуе больш за 800 чалавек.

Такое рашэнне абгрунтавана тым, што, маўляў, калі калектыў будзе баставаць, іх месца на рынку адразу зоймуць канкурэнты. Ад спынення работы на месяц прадпрыемства згубіць 70 мільёнаў долараў, у тым ліку 1 мільён долараў на заробкі і ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Да ўсяго заўважаецца, што палітычныя працэсы ў нашай краіне не павінны ўплываць на эканамічную бяспеку дзяржавы, канкрэтнага прадпрыемства і кожнай сям’і.

За мірнае ўрэгуляванне сітуацыі

Нечакана для многіх 17 жніўня пасля сустрэчы супрацоўнікаў Гродзенскай абласной тэлекампаніі з кіраўніцтвам у яе сацсетках з’явіўся зварот да старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

У ім супрацоўнікі Гродзенскага тэлебачання і радыё заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў, патрабавалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у збіцці мірных людзей, патрабавалі вызваліць усіх затрыманых, а таксама выступалі за адмену цэнзуры. У выніку невыканання іх патрабаванняў пагражалі забастоўкай.

Але ўжо 21 жніўня ў Instagram кампаніі з’явіўся новы запіс:

“У сувязі з тым, што асноўная задача СМІ – інфармаванне насельніцтва аб падзеях, якія адбываюцца ў рэгіёне, асабліва ўлічваючы, што для некаторых людзей мы з’яўляемся адзінай крыніцай інфармацыі, лічым немэтазгодным спыняць працу тэлерадыёкампаніі. “Гродна” і надалей выступае супраць насілля і за мірнае ўрэгуляванне сітуацыі. Таксама мы застаёмся адкрытай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу”.

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: