– Мяне затрымалі 10 жніўня, калі я ішоў з сям’ёй, з дзіцем па праспекце Незалежнасці, – у 18.09. Ля цырка стаялі амапаўцы, я дастаў тэлефон, каб зрабіць здымак цырка – прыгожыя кадры. І тут на мяне наляцелі нейкія ненармальныя, узбуджаныя, мяркую, пад уздзеяннем наркотыкаў людзі, схапілі і пацягнулі ў аўтобус.

Там было ўжо восем чалавек. Пра ніякія маскі гаворкі не ішло. А я толькі пару дзён як прыляцеў з Нью-Ёрка, быў на каранціне і нават ў горадзе заўсёды хадзіў у масцы. Але ніхто пра небяспеку заразіцца каранавірусам не захацеў і слухаць, тыя, хто мяне затрымаў, былі цалкам неадэкватныя людзі.

Падчас затрымання мяне моцна не кранулі – я падкрэсліў, што не супраціўляюся. Але астатнім дасталася. Прычым людзей затрымлівалі абсалютна мірных, тых, што ішлі па сваіх справах. Напрыклад, разам са мной у аўтобусе апынуліся рабочыя, якія выйшлі недзе пасядзець, хлопец, які выйшаў за цыгарэтамі, мужчына 75 гадоў, які ішоў за прадуктамі… Некаторыя людзі пыталіся, ці можна ім прайсці да метро, – ім дазвалялі, а потым хапалі. Кагосьці моцна збівалі, пагражалі, што зараз, маўляў, у цябе знойдзем наркотыкі, чаго ты тут за хлебам ходзіш і г.д.

Потым прыехаў аўтазак для перавозкі зняволеных. У яго нельга было патрапіць, не атрымаўшы пяць удараў дубінкай па спіне. Гэтаксама б’юць па галаве, калі не згінаешся ў машыне. У ячэйку, дзе павінна знаходзіцца два чалавекі, нас запіхалі семярых – дыхаць было няма чым. Потым загрузілі дзяўчат – дзяўчаты пачалі крычаць, і ў іх гонар уключылі вентыляцыю і святло.

Прывезлі ў Савецкі РУУС (пра тое, што гэта быў ён, я даведаўся потым). Нас усіх выгналі з варанка пад мацюкі і ўдары канваіраў. Я падняў руку, што не трэба мяне біць, і за гэта атрымаў яшчэ больш – два амапаўцы білі па печані і нырках. Потым у дворыку нас усіх паставілі да сценкі, рукі за спінай. Было нас недзе 60 чалавек. На мяне хацелі апрануць кайданкі, але ў мяне праблема са спінай, і кайданкі не сыходзіліся – я пра гэта папярэдзіў, – апранулі хамуты. Хачу зазначыць, што той ахоўнік, які гэта рабіў, не лютаваў. Потым мне парэзалі шнуркі нажніцамі, дасталі ўсё з кішэняў. Я стаяў галавой у забор, шырока расставіўшы ногі, і перыядычна атрымліваў па нагах дубінкай.

Далей нас перагналі ў іншую частку двара. Мы павінны былі ісці, моцна нахіліўшыся ўперад, практычна на 90 градусаў, з рукамі за спінай. У такім стане мы прастаялі да першай гадзіны ночы. Позу дазвалялася мяняць толькі па камандзе: ці рукі за галавой, ці рукі за спінай. Калі не дай бог выпростваешся, б’юць дубінкай. А размаўляюць там толькі матам.

Потым па адным пачалі выводзіць падпісваць пратакол. Тэкст тыпавы: прыкладна ў 19.30 па праспекце Незалежнасці, 47 ці 48 удзельнічаў у несанкцыянавым мітынгу і выкрыкваў лозунгі. Я адмовіўся яго падпісваць. Мне сказалі: “Тады будзеш сядзець тут 72 гадзіны”.

Хачу зазначыць, што некаторыя з хлопцаў, якія працуюць у РУУС, надта не зверствавалі, я сказаў бы, “выконвалі сваю функцыю”, з імі можна было размаўляць. Але нейкія іншыя мелі выгляд людзей цалкам неадэкватных: крычалі, бегалі, паміж імі здараліся канфлікты.

Потым на гэтым жа двары нас размясцілі на начлег – дазволілі сесці на зямлю. Калі ўжо выбіраць, мне з маёй спінай прасцей было стаяць. Выводзілі ў туалет па адным.

Увесь час знаходжання ў РУУС я патрабаваў, каб звязаліся з маёй сям’ёй і паведамілі ёй, дзе я знаходжуся, каб да мяне звярталіся на “вы”… увогуле, я многа гаварыў. І пэўнай рэакцыі дамогся: адзін непрыемны чалавек перастаў да нас прыходзіць, хоць я за гэта і атрымаў. Гэта важна. Я трымаў увесь час дыстанцыю, не дазваляў мацюкоў у адказ і паўтараў: вы перавышаеце паўнамоцтвы пры вялікай колькасці сведак. Гэты навык – вынік майго наведвання курсаў па бяспецы, і ён мне вельмі дапамог. Дзесьці а другой гадзіне ночы да мяне прыйшлі – мяне вызвалілі па лініі, якую я не хацеў бы называць.

Усё, што адбывалася са мной і затрыманымі людзьмі ў засценках, я класіфікую як самаўпраўства і катаванні. Гэта карная аперацыя для запалохвання насельніцтва.

Мяне адпусцілі, і, прызнацца, мне было крыху няёмка з-за таго, што я пакідаю тых хлопцаў, якія былі там разам са мной.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ.

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: