Марта-Дарыя КЛІНАВА, рэжысёр-дакументаліст:

– Затрымалі мяне 8 жніўня каля выбарчага ўчастка, дзе я была назіральніцай. Пасля абеду я сышла паразмаўляць са знаёмымі: з польскім журналістам і перакладчыцай. І адмыслова адышла падалей ад школы, каб не прыцягваць увагу. Але каля крамы “Суседзі” на нас напалі мужчыны ў цывільным. Схапілі адразу майго сябра-паляка – ён увогуле не разумеў, што адбываецца, хто гэтыя людзі, – а потым ужо нас, дзяўчат. Забралі тэлефоны, пацягнулі ў машыну. Па дарозе мы спрабавалі задаваць пытанні, але ніхто нічога не казаў. Прывезлі ў Кастрычніцкі РУУС. Там таксама нічога не праяснілася. “Мы проста хочам з вамі паразмаўляць”, – ўсё. Калі праз паўгадзіны даставілі і іншых назіральнікаў, сітуацыя стала больш зразумелай.

У РУУС мы сядзелі да гадзіны ночы (пры тым што затрымалі нас недзе ў 16.40). Прыходзілі розныя супрацоўнікі, пыталіся, сыходзілі, нарэшце аформілі. Калі мы пабачылі пратаколы, у абвінавачваннях было хуліганства, размахванне рукамі і супраціў работнікам міліцыі. Адзін з міліцыянераў тым не менш нас супакойваў: “Не хвалюйцеся, патрымаюць да панядзелка і адпусцяць”. Мне дазволілі патэлефанаваць маці.

У РУУС нас было сем чалавек, і мы, у прынцыпе, не адчувалі пагрозы: сядзелі, жартавалі, спакойна размаўлялі з участковым, лічылі, што мы тут ненадоўга. Тым больш што майго сябра-паляка адпусцілі.

Настрой пачаў падаць, калі высветлілася, што нас павязуць на Акрэсціна і суд адбудзецца толькі ў панядзелак. “Там ўсё будзе”, – адказалі нам на просьбы прыняць перадачы. Па выніку апынулася, што ў камеры былі толькі брудныя матрацы, і першыя суткі нас не кармілі, потым ежу нам падвезлі. Але тое яшчэ кветачкі…

Я сказала бы, што за час майго затрымання я здзейсніла сапраўднае турнэ: Акрэсціна – ІЧУ Мінскага раёна – Акрэсціна – Жодзіна… У ІЧУ Мінскага раёна нас перавезлі на наступныя суткі. Там было больш-менш нармальна: кармілі, выводзілі на прагулку. Маладым курсантам, якія там працавалі, было хутчэй цікава, што адбываецца, і жорсткасці не было.

У панядзелак быў суд. Мы прыехалі на яго ўсё яшчэ расслабленыя, бо меркавалі, што нам дадуць штраф. Аднак мне і яшчэ адной назіральніцы, дзяўчынцы 19 гадоў, “уляпілі” па 15 сутак.

Зноў Акрэсціна. Цяпер у чатырохмясцовай камеры сядзели 25 чалавек. Калі мы былі там першы раз, то запомнілі ахоўніка, які ўвесь час крычаў і прыніжаў людзей, – мы яго празвалі “Гестапа”. Ён і дзяжурыў, калі нас прывялі пасля суда. “Гестапа” прыйшоў і сказаў рыхтавацца да ўшчыльнення, і да нас у камеру размясцілі яшчэ 25 чалавек – у выніку атрымалася 50. Там не тое што прысесці – стаяць было немагчыма. Потым 15 чалавек забралі. 35 жанчын у камеры ноч праводзілі хто дзе: хто на лаве, хто пад ложкам, хто на стале, а хто – на сваёй сукамерніцы. Некаторыя не елі ўжо доўгі час і нават гублялі прытомнасць: я падзялілася з імі ежай, якую мне ўдалося пранесці. Жанчыне з дыябетам стала кепска, і ёй проста прынеслі хлеба, а пра лекі нават не ішла гаворка.

Разам з маёй калегай-назіральніцай я спала пад ложкам. Кожную гадзіну мы прачыналіся, бо чулі крыкі “Гестапа” на людзей, чулі, як у двары збівалі хлопцаў, іх стогны, як хтосьці з іх клікаў маму. Мы тады “парадаваліся”, што дзяўчынкі, але, як потым высветлілася, праз пэўны час і дзяўчынак перасталі шкадаваць.

Наступны дзень – ізноў паездка. Тых, у каго ўжо адбыўся суд, перавезлі ў Жодзіна. Перад дарогай нас вывелі ў двор, і мы бачылі хлопцаў, якія сядзелі на каленях тварам у зямлю. У аднаго хлопца была зламана нага, але амапаўцы з яго толькі смяяліся.

У Жодзіне ў параўнанні з Акрэсціна ўмовы былі цярпімыя. У камеры на 10 месцаў – 15 чалавек. Там была ежа, можна было паспаць нармальна, і мы жартавалі, што “патрапілі ў санаторый”. У многіх дзяўчат з-за перанесенага стрэсу не ў час пачаліся месячныя, а гігіенічных сродкаў у турме не прадугледжана, і гэта было цяжка.

Вельмі бянтэжыла і працэдура дагляду менавіта адміністрацыйных правапарушальнікаў: нас распраналі дагала і прымушалі прысядаць. Гэта адбывалася і ў жодзінскай турме, і ў ІЧУ, і на Акрэсціна – прычым на Акрэсціна нас яшчэ здымала камера!!! Што гэта за правілы такія?!

Мяне адпусцілі нечакана, на сёмыя суткі з часу затрымання: выклікалі да следчага і прапанавалі падпісаць паперу, што, маўляў, раскайваюся і абяцаю не здзяйсняць адміністрацыйных правапарушэнняў. На мне яшчэ заставалася “вісець” 8 сутак, але я падумала, што спачатку трэба адтуль выйсці, а потым з гэтым усім разбірацца.

Ужо на свабодзе жахнулася, калі даведалася, што пасля нашага пераезду ў Жодзіна тых дзяўчат на Акрэсціна, з якімі мы сядзелі, пачалі збіваць. Так што мне яшчэ пашчасціла.

Тое, што рабілі з людзьмі на Акрэсціна, – злачынства. Мяне не пакідае адчуванне таго, што ўсе мы там былі як закладнікі. Бо ў затрыманых людзей ўсё ж ёсць правы, а ў нас не было ніякіх правоў.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ.

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: