Журналіст агенцтва ТАСС Юры Шамшур

Акрэдытаваны ў Беларусі журналіст расійскага агенцтва ТАСС Юры Шамшур расказаў, што падчас разгону акцый пратэстоўцаў сілавікі мэтанакіравана палявалі на супрацоўнікаў медыя.

Ён апісаў у «Фэйсбуку» гісторыю свайго затрымання АМАПам, здзекаў і збіцця ў ноч 11 жніўня, калі ён ад удараў стрaціў прытомнасць.

Юры Шамшур пацвердзіў Свабодзе, што гэта ягоны допіс. Допіс з’явіўся праз 12 дзён пасля падзей, пасля таго як Лукашэнка заявіў на мітынгу ў Горадні пра пастановачны характар фота слядоў збіцця АМАПам удзельнікаў дэманстрацый.

«Лысы, на калені!» Журналіст ТАСС пасля заявы Лукашэнкі пра пастановачныя фота апублікаваў сваю гісторыю збіцця ў міліцыі
Рука журналіста, пашкоджаная сілавікамі

Шамшур быў сведкам і апісаў, як у адзін з першых дзён акцый пратэсту ўнутраныя войскі прасоўваліся па вуліцы Прытыцкага ў раёне метро «Кунцаўшчына», не атрымліваючы аніякага супраціву. Некалькі чалавек стаялі ля пад’езда, прыкладна за 60 метраў ад праезнай часткі. З імі — Юры Шамшур, акрэдытаваны МЗС Беларусі, пазначаны надпісамі PRESS і карткай на грудзях.

«Не чапай прэсу!» — крычыць адзін з пяці «абаронцаў канстытуцыйнага ладу».

«Мне по..й! С…ка, што тут робіш?» — крычаць яго калегі, абрушваючы шквал удараў дубінкамі па галаве і іншых частках цела.

Праз некалькі хвілін збіты журналіст ачуўся, зразумеўшы, што яго пад рукі вядуць двое. Папрасіў звярнуць увагу на акрэдытацыю МЗС, патэлефанаваць прэс-сакратару МУС.

«Ня тузайся, а то прастрэлім яй…ы!» — чуваць рогат.

Яго закідваюць у аўтазак, там прымае прапаршчык, перакідаючы з адной рукі ў другую стрэльбу.

«Сардэчна запрашаем на наш авіяляйнэр, — смяецца адзін. — Лысы, на калені! Тварам у падлогу!» — запатрабаваў ён, зняўшы акуляры і выключыўшы тэлефон журналіста.

Побач, уткнуўшыся ў падлогу, на каленях стаялі двое мужчын. У аднаго з галавы капала кроў. Другі спрабаваў растлумачыць, што трапіў «пад раздачу», дабіраючыся з тралейбуснага парку пасля сваёй змены.

Неўзабаве канвеер хапуну запрацаваў хутчэй. У аўтазак сталі закідваць і біць мужчын. Дзвюх дзяўчат не чапалі, але на калені паставілі і іх.

«Сволачы, якіх пераменаў вы патрабуеце? Чым, с…кі, вам не падабаецца наш прэзыдэнт? Мы не дамо вам, піда..сы, разарваць краіну. Чаму мы павінны ночы не спаць, збіраючы вас па вуліцах?» — крычаў на ўсё горла амапавец.

«Лысы, што ў цябе целяпаецца на шыі?» — запытаў прапаршчык у карэспандэнта.

«Акрэдытацыя МЗС», — адказаў Юры Шамшур.

«А што такое МЗС?», — спрабаваў высветліць той.

Хвілін праз 40 пачалася перагрузка ў амапаўскі аўтазак. Затрыманых па чарзе падводзілі да дзвярэй машыны.

«Дзякуй, што скарысталіся нашымі авіялініямі. Надвор’е за бортам ху…е», — выправаджвалі затрыманых дубінкамі бравыя салдаты.

З амапаўскага аўтазака даносіліся ўдары і крыкі.

«Стой побач, пагрузім гэтых свалачэй, потым пойдзеш ты», — сказаў амапавец, звяртаючыся да карэспандэнта.

У гэты момант падышлі двое амапаўцаў з іншай брыгады.

«Прэса, якога х… ты тут робіш?» — спыталі яны.

Праз некалькі хвілін работніка пяра прытуліў адзін з цёмных двароў Каменнай Горкі.

Поделиться: