19 жніўня на пасяджэнні Каардынацыйнай рады быў абраны прэзідыум, калі казаць груба, то кіраўніцтва органа. У яго ўвайшлі былы міністр культуры Павел Латушка, юрыст Максім Знак, прадстаўніца штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава, кіраўнік забастоўкі на МТЗ Сяргей Дылеўскі, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, прадстаўніца аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова, а таксама медыятар Лілія Уласава.

Калі астатнія асобы вядомыя чытачам, то прозвішча Ліліі Уласавай зусім мала каму штосьці кажа. «Наша Ніва» пазнаёмілася з прадстаўніцай рады, а таксама задала ёй некалькі пытанняў.

– Раскажыце крыху пра сябе, а таксама пра тое, як вы апынуліся ў Каардынацыйнай радзе.

– Я ў мінулым юрыст. Апошнія гадоў дзесяць займаюся медыяцыяй, я міжнародны медыятар. На сёння дапамагаю людзям вырашаць канфлікты – гэта мая прафесійная дзейнасць. Мне 67 гадоў. Я ніколі раней не займалася палітыкай, хаця заўжды мела грамадзянскую пазіцыю. У мяне ёсць шмат пытанняў да ўлад наконт таго, што яны рабілі ўсе гэтыя гады, шмат з чым я катэгарычна не згодна. Учора мяне вылучылі ў прэзідыум Каардынацыйнай рады. У нейкай ступені туды выпадкова трапіла, але цяпер падключаюся да працы, знаёмлюся з усім. Я думаю, што буду карыснай.

– Растлумачце для шырокага кола чытачоў, хто такі медыятар.

– Нейтральны чалавек, які дапамагае ўрэгуляваць пытанні паміж канфліктуючымі бакамі. Ён не выносіць рашэнні, не крытыкуе, гэта прафесійны перамоўшчык, які дапамагае бакам вызначыць іх інтарэсы. Наладзіць дыялог, бо бакі, якія ў канфлікце, часта нават не размаўляюць паміж сабой.

А медыятар дае магчымасць людзям сесці адзін насупраць аднаго, паглядзець у вочы, пачаць дамаўляцца. Медыятар – гэта такі дырыжор падчас перамоў. Гаворка можа весціся не толькі пра людзей, якія, скажам, разводзяцца, але і пра юрыдычныя асобы, дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі – пра ўсіх, у каго ёсць праблемы.

– А хто вам прапанаваў увайсці ў Раду?

– Вельмі шмат арганізацый прапаноўвалі мяне, я дастаткова вядомая ж у юрыдычных колах, шмат гадоў узначальвала грамадскую арганізацыю, што аб’ядноўвала юрыстаў, якія займаюцца гаспадарчымі справамі. Я фактычна з’яўляюся заснавальніцай медыяцыі ў Беларусі, у гэтых колах мяне таксама добра ведаюць. Напэўна, яны мяне і прапанавалі.

– Што стала канчатковай такой пстрычкай, пасля якой вы пайшлі ў раду, сталі займацца палітыкай?

– Я ў палітыцы толькі першыя крокі раблю. Усе гэтыя гады мая грамадзянская пазіцыя спела. Я заўжды сябе адчувала грамадзянінам і хацела рэалізоўваць правы сябе як грамадзяніна. Падзеі апошняга часу, мне здаецца, паднялі ўсіх людзей, бо галасуем за аднаго кандыдата, а атрымліваем зусім процілеглае. І гэтыя фальсіфікацыі абураюць не толькі мяне, але ўсю актыўную частку Беларусі.

– Якія першыя ўражанні ад працы Рады?

– Вельмі добрыя. Распрацаваны тэкст рэзалюцыі. Трэба, каб грамадства разумела, што Каардынацыйная рада – гэта такі орган, які хоча наладзіць дыялог з уладамі, вырашыць праблемныя моманты: вызваліць палітвязняў, пачаць крымінальныя справы за збіццё мірных людзей і, канечне, прызначыць новыя выбары.

Сёння мы накіравалі вусныя і пісьмовыя запрашэнні кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта [Ігару Сергеенку], генеральнаму пракурору [Аляксандру Канюку], старшыні Следчага камітэта [Івану Наскевічу] і міністру ўнутраных справаў [Юрыю Караеву] аб сустрэчах у любы зручны час, каб пачаць дыялог.

Абуральна, калі па БТ гучыць ад ранку, што мы нейкія змоўшчыкі, што мы нейкія грошы атрымліваем – усё гэта хлусня і маніпуляцыя. Мы не хочам нічога мяняць у міжнародных дамовах, мы хочам працягваць супрацоўнічаць з усім светам, у тым ліку з Расіяй. Даходзіць да таго, што Каардынацыйную раду назвалі «чорнай сотняй» – гэта такі псіхалагічны прыём, калі вешаецца таўро, за якім не бачна людзей. А мы людзі, якія прадстаўляюць розныя пласты насельніцтва.

Цяпер стаіць пытанне пашырэння Каардынацыйнай рады, бо сотні жадаючых туды ўвайсці, асабліва прадстаўнікоў бізнесу.

– Ці ёсць шанец, што атрымаецца наладзіць дыялог з уладамі?

– Цяжка сказаць, яны ж лічаць, што гэта будзе праявай слабасці. У іх няма традыцыі перамоў. Яны ж могуць толькі казаць людзям, што трэба рабіць, а нічыё меркаванне іх не цікавіць. Самая важная праблема – у нас ніколі не чулі народ і не хочуць чуць.

Але ў тым асяродку шмат разумных людзей, якія разумеюць, што сілай нічога не зробіш. Ну пасадзяць яшчэ сто чалавек – і што далей? Гэта прывядзе толькі да новых выбухаў у грамадстве. Трэба дамаўляцца, можа, і не на самым высокім узроўні. Можа, будзе нейкая падтрымка па міжнароднай лініі.

Гутарыў Зміцер ПАНКАВЕЦ

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: