Фота http://guitarland.by/

Людміла КРУКОЎСКАЯ, бас-гітарыстка, кіраўнік праекта BlackWhiteJazz:

– Падчас гэтай выбарчай кампаніі я была назіральнікам на ўчастку ў Бараўлянскай СШ №3. Пайшла ў назіральнікі, бо, як і ўсе нармальныя людзі, хацела, каб выбары былі сумленныя. Трэба сказаць, што ўчасткі ў нашай школе, ды і па ўсім Бараўлянскім сельсавеце, правялі выбары годна: нават паводле афіцыйных пратаколаў большасць галасоў была аддадзена за Святлану Ціханоўскую, то-бок настаўнікі не займаліся фальсіфікацыямі. І я ганаруся, што абодва мае сыны вучацца менавіта ў гэтай школе, што там такі цудоўны педсастаў.

Абвяшчэння вынікаў галасавання на ўчастку мы чакалі да паловы першай ночы, а потым з сябрам яшчэ паехалі ў горад, бо ягоны сын хаваўся там па кустах ад АМАПа. Мы бачылі, колькі было параненых і пацярпелых, таму на наступны дзень сабралі бінты, перакіс, марлю, нейкія лекі і з думкай, што, калі спатрэбіцца, будзем аказваць людзям дапамогу, селі ў машыну і паехалі ў раён Грушаўкі – нам расказалі, што там сабралася многа народу. Але не даехалі – дарогі былі перакрыты, і мы спыніліся на пад’езде да Пушкінскай плошчы. Дапамагчы паспелі толькі аднаму чалавеку, перавязалі яго – ён быў паранены светлашумавой гранатай. Калі ўжо на Пушкінскай сілавікі пачалі выціскаць людзей з плошчы, мы прыпаркаваліся ў ціхім двары і проста сядзелі ў аўтамабілі, каб перачакаць вострую сітуацыю.

Нас забралі проста з машыны, мяне і майго сябра, – разбілі шкло і выцягнулі. Мы з ім апынуліся ў розных аўтазаках. Затрыманых з майго аўтазака павезлі ў Фрунзенскі РУУС. Мужчын збівалі. З жанчын, канешне, таксама здзекаваліся, але дубінкамі не білі – па меншай меры тых, хто маўчаў і не абураўся ўголас, не патрабаваў захавання нейкіх правоў. Але абурацца было бессэнсоўна, бо там ты знаходзішся ў логаве раз’юшаных, нават нейкіх шалёных, быццам замбіраваных узброеных людзей. Хаця – у мяне не было адчування, што нават людзей. Мы, жанчыны, разам з мужчынамі спачатку на працягу шасці гадзін ляжалі тварам уніз, потым столькі ж часу стаялі на каленях галавой уніз – гэта ўсё адбывалася ў Фрунзенскім РУУС. У выніку гадзін праз 12–13 здзекаў і прыніжэнняў (у мяне яшчэ няма сіл расказваць пра ўсё падрабязна) нас пагрузілі ў аўтазакі і павезлі ў Жодзіна. Мужчын у аўтазаках працягвалі збіваць, прычым білі страшэнна.

Жодзінская турма, як я чула, лічыцца адной з самых суровых. Дык вось для мяне гэта быў проста як санаторый ці курорт у параўнанні са знаходжаннем ў РУУС і аўтазаку з АМАПам. У Жодзіне былі звычайныя ахоўнікі, якія нармальна з намі размаўлялі – яны размаўлялі з намі як з людзьмі! Супрацоўнікі турмы былі запараныя, бо да іх прывозілі па 700–800 чалавек у дзень, а турма не была падрыхтавана да такой колькасці. Натуральна, камеры былі перапоўнены ў 2–3 разы. І, скажу па шчырасці, ахоўнікі самі былі злыя на міліцыю, на АМАП, нават асабіста мне казалі вельмі недвухсэнсоўнымі словамі, што пра іх думаюць.

Мяне выпусцілі ў ноч на 14 жніўня, з чацвярга на пятніцу, – а забралі ў ноч на аўторак. У мяне не было ніякіх судоў, бо такую колькасць затрыманых проста не паспявалі “апрацаваць”. Суддзі прыязджалі з Мінска – каго паспелі, таго паспелі. Скончыліся мае 72 гадзіны ўтрымання без прад’яўлення абвінавачання, і я выйшла за сцены турмы. Што далей – не ведаю. Па-мойму, будзе яшчэ позва ў суд – калі ўлада не зменіцца, мне могуць прысудзіць і суткі, і штраф. Што прад’явяць – не ведаю. Сядзела ў машыне ў двары?

Калі я выйшла з турмы, то ў валанцёрскіх спісах адшукала прозвішча майго сябра – я баялася, што ён будзе ў бальніцы, бо, калі нас забіралі, АМАП лютаваў. Але сябар аказаўся таксама ў гэтай турме. Яго адпусцілі раніцай. Ля турмы было многа валанцёраў, дзякуй ім вялікі: калі нас ноччу выпускалі, мы ж увогуле не ведалі, як будзем дабірацца да Мінска. А нас сустрэлі – кава, чай, пледы, пазваніць, пераначаваць, адвезці дадому. Вельмі моцна дапамаглі.

Мяне не пакалечылі, не зрабілі інвалідам, але псіхалагічнае аднаўленне будзе вельмі складаным. Упэўнена, я не змагу ўсё забыць, гэта застанецца са мной на ўсё жыццё. Такія рэчы забыць немагчыма. Я дагэтуль бачу твар таго чалавека, які забіраў нас з аўтамабіля, па начах бачу турму і сцены РУУС разам з усім тым, што там было. Я патрохі сябрам расказваю, але не магу яшчэ спакойна гэта рабіць – мне робіцца млосна, калі пачынаю гаварыць, я страчваю прытомнасць. Магчыма, з цягам часу здолею…

Ці гатова я зноў выйсці на вуліцы? Калі яны думаюць, што ўсіх запужалі, то моцна памыляюцца. Паглядзіце – гэтыя зверствы толькі больш злуюць людзей, трэба ісці да канца. Таму што такія людзі… не, гэта не людзі – падобныя злачынствы абавязкова павінны быць пакараны паводле закона!

Занатавала Надзея Кудрэйка

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: