Улады Гомеля 23 жніўня працягвалі блакаваць цэнтральную плошчу Леніна аўтобусамі, вялікагрузнымі МАЗамі, трактарамі ды іншай сельгастэхнікай, каб прыхільнікі перамен не змаглі тут арганізаваць чарговы мітынг супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Тэхніку на плошчу прыгналі калонай увечары 21 жніўня, яна з таго часу тут і застаецца.

Пляцоўку каля цырка, дзе традыцыйна ладзіўся ланцуг салідарнасці сёння занялі выставай акварэльных малюнкаў дзіцячай школы №3, якая месціцца на вуліцы 60 год СССР, што за пяць кіламетраў ад цэнтра. На дадатак з абодвух бакоў устанавілі батуты, але арганізатары забавы яўна пралічыліся: скакаць на санцапёку нават дзятва не надта жадала. Выглядала, што нават знакаміты савецкі комік Карандаш у сваім манументальным абліччы здзекліва ўсміхаўся, паказваючы пальцам у бок батута, малюнкаў ды гарвыканкама.

Занятай аказалася і плошча Паўстання, дзе быў разгорнуты гандаль харчовымі ды прамысловымі таварамі.

Прыкладна а 13 гадзіне міліцыя прагнала жаночую акцыю салідарнасці паблізу касцёла на вуліцы Савецкай. Сюды ж аўтобусам прывезлі «карусельшчыкаў» з ліку прыхільнікаў Лукашэнкі. Яны сталі ў ланцуг і гучна крычалі: «Мы за бацьку!». Падтрымку афіцыйнаму кіраўніку дзяржавы дэманстравалі з чырвона-зялёнымі сцягамі і супрацоўнікі абласнога ваенкамата, адзетыя ў цывільнае.

Праз вулічную радыёсетку бесперапынна транслявалі песні пра Беларусь, але пераважна на расійскай мове.

Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)

Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)

“Пераменаў патрабуюць нашы сэрцы”

Бліжэй да вечара на цэнтральных вуліцах сталі з’яўляцца маладыя людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі. І ўжо пасля 17 гадзін групы моладзі скандавалі на цэнтральных вуліцах: «Верым, можам, пераможам!». Пад сценамі гарвыканкама пратэстоўцы  разгарнулі плакаты, спявалі песні.

Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)

У «хаджэннях за перамены» былі заўважныя і пратэстоўцы з іншых гарадоў. У прыватнасці, хлопцы з Рэчыцы расказвалі, што прыехалі ў Гомель у агледзіны.

«Мы кожны дзень выходзім пратэставаць у Рэчыцы, а сёння прыехалі паглядзець, што робіцца ў Гомелі. Лукашэнка праз сілавікоў запалохвае насельніцтва, бо на іншае ён не здатны. Мы не верым ужо ніводнаму яго слову. Пара яму на пакой», –  кажа жыхар Рэчыцы, які назваўся Сяргеем.

У скверы імя Кірылы Тураўскага на макеце старадаўняга дыліджанса гамяльчане збіралі подпісы за адстаўку Лукашэнкі, падпісвалі патрабаванне да Следчага камітэта неадкладна выпусціць арыштаваных актывістаў, на якіх заведзены палітычна матываваныя крымінальныя справы, а таксама разабрацца з фактамі гвалту і катаванняў у гомельскіх райаддзелах міліцыі. Прадстаўнікі грамадскасці жадаюць чуць і мясцовых начальнікаў наконт урэгулявання палітычнай сітуацыі, якая склалася ў рэгіёне.

Пакуль што гомельскія чыноўнікі толькі перакрываюць сельгастэхнікай месцы сбору пратэстоўцаў. Не было нават спробы дыялогу з грамадзянамі.

Ужо ў прыцемках шмат моладзі сабралася ў скверы Грамыкі. Пад музыку гурта «Чарнавікі» яны вадзілі карагоды, танцавалі і спявалі шырока вядомую песню Віктара Цоя: “Пераменаў патрабуюць нашы сэрцы…”.

Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)Гомель: пратэст праз блакіроўку (фота, абноўлена)

Поделиться: