Фота: brestcity

Заметкі журналіста «Народнай Волі» аб тым, што ён убачыў на выбарчых участках Гомеля.

Асноўны дзень галасавання на Гомельшчыне быў багаты на нечаканасці, сюрпрызы і нават загадкі. А пачаўся ён з прароцтва майго даўняга знаёмага Аляксандра, якога ранкам сустрэў на выбарчым участку №14, дзе старшынёй камісіі была Іна Дзярабіна. Ён толькі што прагаласаваў, як сам сказаў, за перамены. Пры гэтым зазначыў, што ў яго няма веры ў тое, што яны адбудуцца надзвычай хутка.

– Дзясятага жніўня мы прачнёмся, як пасля цяжкага пахмелля: ужо відавочна, што будзе агучана. Але калі не атрымліваецца адразу вырваць хворы зуб, трэба яго расхістаць, – разважаў Аляксандр.

Не ўпэўнены, што мой знаёмы ведаў нейкія лічбы назірання падчас датэрміновага галасавання. Напрыклад, што запісала ўчастковая камісія да асноўнага дня галасавання: з 1052 выбаршчыкаў на ўчастак прыйшлі 499 (47,4 працэнта). Тым часам назіральнікі ад кампаніі «Права выбару» налічылі ўсяго 173 чалавекі (16,4 працэнта). Не ведаючы такіх падрахункаў, знаёмы гамяльчанін сталых гадоў, тым не менш, здагадваўся пра іншае: улада не дзеля таго так адточвала механізм маніпуляцыі лічбамі, каб наўцям здаць пазіцыі.

І хто-ніхто аж са скуры вылузваўся, каб дагадзіць начальству. Старшыня выбарчай камісіі участка №65 Сяргей Лазько падаў такія лічбы: датэрмінова прагаласавалі на ўчастку 988 выбаршчыкаў, альбо 53,6 працэнта. За чатыры з паловай дзесяцігоддзі журналісцкай практыкі такі «рэкорд» сустрэў упершыню, бо на выбарчых участках даводзілася бываць яшчэ і ў савецкія часы, нават адказным ад улады.

Папяровая актыўнасць

У рабочым мікрараёне «Гомсельмаш», дзе месціўся ўчастак №38, старшыня камісіі Сяргей Куляшоў здзівіўся актыўнасці людзей 9 жніўня.

– Сам не чакаў, што прыйдзе столькі, – заўважыў Сяргей Пятровіч.

Гутарыў я з ім блізу 18 гадзін. Папрасіў падмацаваць «актыўнасць» лічбамі.

– Выбаршчыкаў на нашым участку 2171, датэрмінова прыйшлі 901. Усяго на дадзены момант прагаласавалі з улікам папярэдняга галасавання 1620 выбаршчыкаў,
– удакладніла сакратар камісіі Марына Касцяная.

– Гэта па стане на 17 гадзін? – пацікавіўся я.

– Не, гэта на 15 гадзін, – сказаў за сакратарку старшыня.

Простая арыфметыка падказвала, што асноўны дзень выбараў па актыўнасці ўсё яшчэ не дацягвае да датэрміновага галасавання.

На ўчастку з дванаццаці акрэдытаваных назіральнікаў прысутнічалі толькі пяцёра. Гэта ноў-хаў Цэнтрвыбаркама – абмежаваць прысутнасць назіральнікаў з-за каранавіруснай эпідэміі, якую ў Беларусі афіцыйна перамаглі. «Абмежавалі», канешне, незалежных назіральнікаў. Не было іх і на 38-м участку. Затое прысутнічалі прадстаўнікі БРСМ, Чырвонага Крыжа і трое ад розных структур вытворчага аб’яднання «Гомсельмаш». У прыватнасці, ад Дэпартамента продажу – ураджэнец Самалі, а цяпер грамадзянін Беларусі Абас Махамед.

На выхадзе з участка пацікавіўся ў сельмашаўцаў, за што галасавалі. Бо галасаванне – гэта яшчэ і надзея, выбар шляху краіны і, можна сказаць, уласнага лёсу.

З паўдзясятка тых, хто адказаў на пытанне, сцвярджалі: «За перамены».

– У мяне трое дзяцей, – патлумачыла жанчына, якая назвалася Вольгай. – Мне іх гадаваць, вучыць. Хочацца, каб пры новым прэзідэнце жыццё палепшылася.

Тое ж кажа і 34-гадовы Дзяніс, бацька дваіх дзяцей.

– А як збіраецеся абараняць свой голас, калі камісія пойдзе на падтасоўку?

– Сфатаграфаваў бюлетэнь, адашлю на «Голас», – адказаў мой суразмоўца.

Не ўпэўнены, што ў Дзяніса гэта атрымалася: ад ранку інтэрнэт-сувязь глючыла, а да поўдня ўжо ўсё ляжала покатам.

Выніковы пратакол – «трэба сабрацца з думкамі»

За чвэрць гадзіны да закрыцця прыйшоў на ўчастак №16, што ў Доме аб’яднання прафсаюзаў. На гэтым участку незалежныя назіральнікі вялі падлік тых, хто прагаласаваў, праз акно, бо месца ў памяшканні таксама не знайшлося з прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі. Назіральніка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых міліцыя затрымала каля ўваходу на ўчастак, праз суд яго пакаралі 15-суткавым арыштам быццам за непадпарадкаванне. Паплечнікі прасачылі працэс датэрміновага галасавання, а каардынатар палітычнай ініцыятывы «Права выбару» Васіль Палякоў звёў усе звесткі ў адно цэлае. Напярэдадні асноўнага дня галасавання Палякова прэвентыўна затрымалі і адправілі ў ізалятар.

Дык вось незалежныя назіральнікі сцвярджаюць: на 14-м участку датэрмінова прагаласавалі 197 выбаршчыкаў з 1404, камісія падала іншую лічбу – 671, альбо 47,7 працэнта.

Пацікавіўся пасля падліку галасоў у старшыні ўчастковай камісіі, вылучэнкі раённай
арганізацыі РГА «Белая Русь» Аксаны Журовіч, як разумець такую разбежку.

– Што тут каментаваць, ды і не ведаю я ніякага «Права выбару», што тут каментаваць? – адказала Аксана.

Не здолела ці не схацела яна адказаць і на пытанне, як і чаму ажно 309 бюлетэняў з выдадзеных прызнаны камісіяй несапраўднымі.

– Ой, я так стамілася – хіба ж я памятаю нейкія там лічбы? – хоць гаворка, канешне, не пра лічбы, а пра прычыны выбракоўкі бюлетэняў.

Прысутнічаючы на падліку галасоў, візуальна заўважыў, што горка бюлетэняў са скрыні асноўнага дня галасавання значна большая, чым з «датэрміновай» скрыні і 45 бюлетэнямі са скрыні хатняга галасавання.

Неяк дзіўна вяліся і падлікі. Пасартаваўшы бюлетэні па кандыдатах, члены камісіі не агалошвалі, колькі хто налічыў. Бюлетэні, канешне, не дэманстравалі. Кардонныя скрыначкі з прозвішчамі кандыдатаў на адным баку члены камісіі павярнулі да сябе і клалі ў іх далёка не ўсе бюлетэні. Старшыня камісіі разам з сакратаркай Святланай Іванчыкавай, стоячы спінамі, заглядваючы ў свае блакноцікі, нешта занатоўвалі, перашэптваліся з лічыльшчыкамі – і пасля ўжо агучваліся лічбы. У рэшце рэшт былі названы такія: Дзмітрыеў – 25, Канапацкая –32, Лукашэнка – 876, Ціханоўская – 83, Чэрачэнь –10. Супраць усіх – 51, несапраўдных – 309. Вядома ж, паколькі падлік вёўся не адкрыта, то рэальная карціна была схавана старшынёй камісіі і яе членамі.

Калі ўсё ўжо была падлічана і запакавана, сталі чакаць копію выніковага пратакола, якую вывешваюць для агляду. Старшыня і сакратарка раз-пораз сталі знікаць у бакавым пакоі. Дваццаць хвілін чакалі, трыццаць. Заўважаю: члены камісіі сталі паглядаць праз акно на плошчу Паўстання, спрэс устаўленую прыватнымі машынамі. Там гуртуюцца гараджане. Звонку чуюцца працяглыя сігналы транспарту, што праязджае міма.

Пытаюся ў старшыні камісіі, што замінае вывесіць копію пратакола.

– Трэба сабрацца з думкамі, – кажа Аксана Журовіч.

Святло ў памяшканні для галасавання прытушылі. Вырашаю, што хопіць ім марнаваць час.

– Пачакайце, зараз спытаюся ў старшыні камісіі, ці выпускаць вас? – ніякавее адзін з членаў камісіі.

Выпусцілі. Ужо потым праз назіральнікаў даведаўся, што на участку №61 у Жлобінскім раёне за Лукашэнку прагаласавалі 305 выбаршчыкаў, за Ціханоўскую – 302. Яшчэ больш паказальны вынік галасавання на ўчастку №37 у пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёна: з 516 вяскоўцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, перавагу Святлане Ціханоўскай аддалі 253 выбаршчыкі, альбо 49 працэнтаў. За Аляксандра Лукашэнку прагаласаваў 201 ільічовец, што складае 38,9 працэнта. Астатнія галасы падзяліліся так: Сяргей
Чэрачэнь – 10, Андрэй Дзмітрыеў – 7, Ганна Канапацкая – 6.

«Верым, можам, пераможам!»

Паўз плошчу Паўстання па вуліцы Савецкай нетаропка рухаліся, працягла сігналячы, аўтамабілі. Супрацоўнікі ДАІ выхоплівалі некаторыя аўтамашыны з патоку, каб аштрафаваць. Ехалі раварысты, купкамі станавіліся ў «ланцуг салідарнасці» гараджане. Двое маладых хлопцаў толькі прыляцелі з цэнтра.

– Калі там паблізу сталі ламаць маладога чалавека, мы дварамі далі драпака, – расказваў 21-гадовы Данііл.

А яго сябра, які назваўся Паўлам, дадаў:

– Там хапаюць. Нехта распыліў пярцовы газ.

Пасля закрыцця выбарчых участкаў міліцыя і людзі ў цывільным з аўтазакамі палявалі на пратэстоўцаў. Адбыліся два вялікія хапуны. Уздоўж вуліцы Савецкай пратэстоўцы скандзіравалі «Жыве, Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!».

Пачыналася змаганне за права абіраць і быць абраным.

***

Гэты матэрыял мог быць апублікаваны ў газеце «Народная Воля» за 21 жніўня (№66), але па ўказанні з Адміністрацыі прэзідэнта тыраж не быў аддрукаваны ў выдавецтве «Беларускі Дом друку».

Поделиться: