Мінск, 16 жніўня. Мітынг у падтрымку Лукашэнкі

Як вядома, 16 жніўня ў Мінску на плошчы Незалежнасці адбыўся мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. У ім бралі ўдзел, паводле афіцыйнай інфармацыі, да 60 тысяч чалавек. Праўда, відавочцы сцвярджаюць, што на ім прысутнічала значна менш людзей. Тым не менш на мітынг прыехалі прадстаўнікі самых розных рэгіёнаў Беларусі.

“Народная Воля” пацікавілася, хто і як у Гродне арганізоўваў паездку, а таксама хто канкрэтна аплачваў аўтобусы, на якіх вазілі людзей у Мінск.

Ігар Жук, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі РАА “Белая Русь”, сказаў, што яны атрымалі запрашэнне на ўдзел у мітынгу і самі накіравалі ў Мінск членаў сваёй арганізацыі. Захапілі і сваю атрыбутыку.

“Белая Русь” сама аплачвала транспарт са сваіх членскіх узносаў.

Што датычыцца колькасці ўдзельнікаў у мітынгу ад “Белай Русі” з Гродзеншчыны, Ігар Георгіевіч не змог назваць дакладную лічбу.

– У нашай арганізацыі ўсё добраахвотна: хочаш – едзь, хочаш – не едзь, – удакладніў Жук. – Улічваючы, што гэта быў выхадны дзень, многія былі заняты сваімі справамі. Але думаю, што да 500 чалавек ад нашай арганізацыі ўсё ж ездзілі на мітынг.

Са Слоніма, паводле сведчанняў відавочцаў, у Мінск ад’язджалі тры аўтобусы і некалькі бусікаў. Паводле сцвярджэння намесніка старшыні райвыканкама Тэрэсы Юшкевіч, райвыканкам не арганізоўваў паездку, а ўсё вырашалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў горада, а таксама пенсіянеры і моладзь.

– Транспарт аплачвалі як самі людзі, так і прадпрыемствы і арганізацыі, – заявіла Тэрэса Вацлаваўна. – Усё залежала ад таго, хто на якім транспарце дабіраўся ў Мінск.

Адносна колькасці людзей, якія паехалі са Слоніма, Тэрэса Вацлаваўна не змагла назваць лічбу, паколькі, маўляў, людзі дабіраліся розным транспартам.

А вось у Іўеўскім райвыканкаме загадчыца сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Борка адмовілася адказваць на пытанні “Народнай Волі”: маўляў, не ўпаўнаважаная даваць такія каментарыі па тэлефоне.

Загадчыца ідэалагічнага аддзела Навагрудскага райвыканкама Наталля Жушко была здзіўлена, што “Народнай Волі” спатрэбілася такая інфармацыя. Сказала, што іх аддзел арганізацыяй паездкі не займаўся, праўда, сама яна на мітынг у Мінск ездзіла. Паводле яе слоў, з Навагрудка было чатыры аўтобусы.

– Калі б гэта паездка і не арганізоўвалася, то я ўсё роўна паехала б, – заўважыла мая суразмоўніца.

Калі прагучала пытанне, ці аплачвала яна асабіста праезд, адказ прагучаў адразу:

– Скінемся і аплацім, не перажывайце.

– Так значыць, вы ездзілі туды бясплатна?

– Чаму бясплатна, я атрымліваю заробак, як кожны грамадзянін.

– Наталля Чэславаўна, учора вы аплачвалі праезд у Мінск і назад у Навагрудак?

– Калі б я паехала на маршрутным аўтобусе куды-небудзь, вы б у мяне таксама спыталіся б, ці аплаціла я праезд? Ну хіба можна заехаць у Мінск і назад бясплатна?

– Значыць, вы аплачвалі?

– Гэта мая асабістая справа. Я ехала не бясплатна. Я разумею, пра што вы ў мяне пытаецеся, але я ехала не бясплатна.

Вось такі дыялог з чыноўніцай Навагрудскага райвыканкама. І думай што хочаш.

***

Гэты матэрыял мог быць апублікаваны ў газеце «Народная Воля» за 21 жніўня (№66), але па ўказанні з Адміністрацыі прэзідэнта тыраж не быў аддрукаваны ў выдавецтве «Беларускі Дом друку».

Поделиться: