Фота: ctv.by

Журналіст дзяржаўнага радыё Аляксандр Шустэр патлумачыў «Народнай Волі» прычыну свайго звальнення.

Толькі за мінулы тыдзень з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё звольнілася пяць супрацоўнікаў. Днямі на стол кіраўніцтва леглі яшчэ некалькі заяў. Адным з першых, хто прыняў прынцыповае рашэнне, быў Аляксандр Шустэр. Ён вёў знакаміты «Радыёфакт», чытаў у эфіры навіны, таленавіта асвятляў найбуйнейшыя падзеі ў краіне і працаваў у прэзідэнцкім пуле.

– Я не хацеў рабіць са свайго сыходу нейкую піяр-акцыю, – прызнаецца Аляксандр.

Ды і кіраўніцтва папрасіла яго не даваць ніякіх каментарыяў, пакуль фармальна ён усё яшчэ будзе лічыцца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі.

– І ўсё роўна людзі даведаліся, пісалі, тэлефанавалі. Пыталіся, ці патрэбна нейкая фінансавая дапамога. Нават пажыць у іх прапаноўвалі, – здзіўляецца Аляксандр.

Ноч з 9 на 10 жніўня ён правёў на мінскіх вуліцах. У гушчу трагічных падзей не трапіў хіба што выпадкова.

– Калі мы ішлі па Машэрава, нейкія малойчыкі падазрона настойліва пачалі крычаць людзям, што трэба вяртацца да Стэлы. Натоўп падзяліўся, але мы з сябрамі вырашылі ўсё ж рухацца да праспекта Незалежнасці.

А літаральна праз некалькі гадзін Саша паехаў у камандзіроўку ў Пухавіцкі раён. Гэта была рабочая паездка прэзідэнта ў Біятэхналагічную карпарацыю:

– Калі б усё абмежавалася толькі аглядам, я, можа, і застаўся б на радыё. Але там прысутнічаў амбасадар Кітая, які з захапленнем – падкрэслю, з захапленнем – казаў пра перамогу на выбарах, хаця ўсе вакол ужо ведалі, што была ноч. Лукашэнка, дарэчы, тады яму адказаў, што перамагчы мала. Сваю перамогу трэба абараніць. Гэтыя словы, па-мойму, нідзе так і не прагучалі. Сюжэт тады я зрабіў максімальна нейтральным, а ўсе палітычныя моманты пераканаў кіраўніцтва даць асобным сінхронам.

Аляксандр шчыра хацеў дапрацаваць да канца тыдня – каб не ламаць графік і не падстаўляць калектыў, – але пасля ранішняга эфіру 12 жніўня, узгадвае журналіст, кагнітыўны дысананс дасягнуў крытычнай адзнакі.

– Вішанькай на торце ў «Радыёфакце» стаў сюжэт пра тое, як трэба паводзіць сябе ў спякоту. Рэкамендацыі медыкаў, вядома, вельмі актуальныя, але не ў той дзень, калі тэмпература панізілася да 15 градусаў. І ты сядзіш у гэтай паралельнай рэальнасці і адчуваеш сябе героем нейкіх «Сімпсанаў»!

– У той жа дзень звольнілася яшчэ адна вядучая навін − Таццяна Філіпчанка.

– Мы зрабілі гэта сінхронна. Ну, таму што вельмі цяжка казаць у эфіры пра тое, што на вуліцах былі наркаманы, беспрацоўныя і наёмныя. Я не ведаю, на каго гэта разлічана. Магчыма, на чатыры з паловай тысячы падпісчыкаў телеграм-канала ATN_news? Штука ж у тым, што ты заўсёды думаеш: я змагу падаваць усё калі не ангажавана, то хаця б нейтральна. І мне здавалася, што гэта атрымлівалася. Але пасля падзей у першыя дні пасля выбараў праяўляць нейкую нейтральнасць было немагчыма. Таму што людзей нельга паліваць вадой, закідваць гранатамі і катаваць толькі за тое, што ў іх ёсць сваё меркаванне.

– Вы кажаце пра нейтральнасць… Скажыце, у прэс-службы прэзідэнта былі да журналістаў пула, скажам так, прынцыповыя пажаданні?

– Амаль пасля кожнай паездкі даваліся ўказанні, у якім святле мы мусім усё падаваць. Часам казалі, што, напрыклад, гэты кавалак у эфір мы не пускаем. Але астатняе на тваім сумленні.

– Ёсць яшчэ цэнзура і на радыёстанцыі?

– Я нават сказаў бы – самацэнзура, вельмі жорсткая. Самы свежы прыклад (таксама, дарэчы, адна з апошніх кропляў): у навінах мне не дазволілі агучыць інфармацыю з тэлеграмканала МУС пра тое, што лёсам затрыманых можна пацікавіцца па нумары 102. Ну што тут такога? Тым больш што афіцыйная заява.

Зрэшты, з кіраўніцтвам канала журналіст застаўся ў нармальных адносінах. Аказалася, што самым складаным было зайсці ў кабінет і сказаць пра сваё рашэнне.

– А калегі па-рознаму паставіліся. Некаторыя сказалі, што я здраднік, і перасталі вітацца. Затое плакалі і абдымалі нават тыя, ад каго я гэтага менш за ўсё чакаў.

– Саша, вы 10 гадоў адпрацавалі на Беларускім радыё. Што сэрца?

– Пакуль што не паспеў нічога зразумець. Але працаваць мне вельмі падабалася, было цікава. Я пабываў у многіх гарадах, на многіх прадпрыемствах, пазнаёміўся з дзясяткамі цікавых людзей. Я працаваў на беларускай мове! Першы нацыянальны ў гэтым сэнсе ўнікальная з’ява. Як далей? Спадзяюся, што за два-тры месяцы нешта знайду. У дзень звальнення не мог не думаць пра тое, што здымаю кватэру і не ведаю, як буду за яе плаціць. Але можна і грузчыкам часова папрацаваць у суседняй краме.

У панядзелак супрацоўнікі Беларускага радыё падтрымалі агульнанацыянальную забастаўку. На працу не выйшлі вядучыя «Сталіцы», Міжнароднага радыё «Беларусь», а таксама гукарэжысёры, якія абслугоўваюць усе станцыі Беларускага радыё. Яны патрабавалі сумленных выбараў і аб’ектыўнага асвятлення падзей у краіне. Днямі стала вядома, што ў знак пратэсту сышоў амаль увесь калектыў Радыё «Сталіца» − у тым ліку кіраўніцтва радыёстанцыі.

***

Гэты матэрыял мог быць апублікаваны ў газеце “Народная Воля” за 21 жніўня (№66), але па ўказанні з Адміністрацыі прэзідэнта тыраж не быў аддрукаваны ў выдавецтве “Беларускі Дом друку”.

Поделиться: