Сяргей Піталенка. Фота БелТА

Адкрытая размова са старшынёй выбарчай камісіі на ўчастку №25 у Віцебску Сяргеем Піталенкам аб тым, як яму і яго сябрам выкручваў рукі старшыня райвыканкама Сяргей Сташэўскі.

Звычайная гарадская школа на праспекце Фрунзе ў Віцебску. У доўгіх і нязвыкла пустых калідорах адчувальна пахне свежапафарбаваная падлога – хутка 1
верасня, пачатак новага навучальнага года. Пра мінулыя выбары вонкава ўжо нішто не нагадвае. А якраз тут, у СШ №44, месціліся адразу два выбарчыя ўчасткі, на адным з якіх выніковы пратакол з падлікам галасоў па катэгарычным патрабаванні кіраўніка Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Сяргея Сташэўскага быў сфальсіфікаваны. Фальсіфікацыю прыхаваць не ўдалося – дыктафонны запіс шырока разышоўся ў сацыяльных сетках, яго расшыфроўка была апублікавана і на старонках “Народнай Волі” (нумар за 14 жніўня).

І вось, каб пачуць інфармацыю з першых вуснаў, я ўваходжу ў кабінет дырэктара школы Сяргея ПІТАЛЕНКІ, які 9 жніўня на адным з участкаў узначальваў выбарчую камісію. Пра сустрэчу і падрабязную гутарку з ім на дыктафон мы дамаўляліся загадзя. Але нечакана Сяргей Уладзіміравіч – відавочна ўстрывожаны – пачынае нашу размову з… прабачэнняў. Аказваецца, за паўгадзіны да нашай сустрэчы яму патэлефанавалі і вельмі настойліва парэкамендавалі ніякага інтэрв’ю “Народнай Волі” не даваць. Адкуль і хто патэлефанаваў – дырэктар патлумачыць не захацеў.

Наступныя хвілін пятнаццаць мы міла, як аднадумцы, паразмаўлялі пра сумленне і грамадзянскі абавязак – ён, гаспадар кабінета, покуць якога займаў вялікі дзяржаўны сцяг, і я, хоць і званы, але раптам непажаданы сталічны госць, які разумеў, што ў чужой бажніцы свечкі папраўляць – справа амаль безнадзейная.

Сяргей Піталенка мог выставіць мяне за дзверы. Але не выставіў. Мог замкнуць свой рот на замок, як яму і параілі. Але не зрабіў гэтага. Мог тэрмінова з’ехаць па дырэктарскіх справах. Але ўсё ж застаўся на сваім працоўным месцы. І, нервова пахадзіўшы па кабінеце, нарэшце дазволіў уключыць дыктафон, папярэдзіўшы, што наўрад ці зможа адказаць на ўсе мае пытанні.

– Сяргей Уладзіміравіч, прызнацца, спачатку я хацеў сустрэцца з кіраўніком Кастрычніцкага раёна Сяргеем Сташэўскім, але пасля 9 жніўня ён тэрмінова сышоў у адпачынак, яго тэлефоны не адказваюць. Як выглядае, ён проста схаваўся. Таму вымушаны ўсе свае пытанні адрасаваць вам – як непасрэднаму ўдзельніку таго пасяджэння, на якім прадстаўнік улады прымусіў вас і вашых калег па выбарчай камісіі перапісаць выніковы пратакол. Ці можаце вы назваць лічбы з першага, праўдзівага пратакола, якія не задаволілі ўладную вертыкаль?

– Перавагу атрымаў чацвёрты кандыдат (Святлана Ціханоўская – М.С.) – з розніцай амаль у два разы. Зразумела, перад кім…

– Разам з дыктафонным запісам у інтэрнэце выстаўлена не зусім якасная копія пратакола. Там наступныя лічбы: за Ціханоўскую – 672 галасы, за Лукашэнку – 364, за Чэрачня – 48, за Дзмітрыева – 28, за Канапацкую – 12 галасоў. Гэта адпавядае праўдзе?

– Я не магу адказаць на гэта пытанне.

– З запісу вынікае, што члены выбарчай камісіі і ўгаворвалі Сташэўскага, і прасілі, і нагадвалі яму пра адказнасць. Не падзейнічала. Чыноўнік проста выкручваў вам рукі. Як вы лічыце, чаму ён паводзіў сябе так нахабна?

– Відаць, ён выконваў сваю работу.

– Дыктафонны запіс быў зроблены з вашага ведама?

– Не. Пра запіс я абсалютна нічога не ведаў – пра гэта я ўжо неаднойчы гаварыў. І, шчыра кажучы, на пачатку, калі ён з’явіўся ў інтэрнэце, мне было няёмка і прыкра. Выставілі, нават не параіўшыся са мною, нават не паставіўшы да ведама.

– А вы параілі б не выстаўляць?

– Не ведаю. Я не ведаю, як бы сябе паводзіў. Звычайна па жыцці я іду як фаталіст – што адбываецца, тое і павінна адбыцца. Раз яно адбылося, значыць, так і павінна быць.

– Вы ж ведаеце сваіх настаўнікаў (з іх і складалася выбарчая камісія). Вы і цяпер не здагадваецеся, хто запісаў антызаконныя патрабаванні Сташэўскага?

– Мне не дакладвалі, я ні з кім з членаў камісіі пасля не бачыўся. Людзі ў адпачынках.

– На запісе хтосьці звяртаецца да чыноўніка: “Я вас вельмі паважаю, але чаму нашымі рукамі трэба рабіць гэта дзярмо?” Гэта ваш голас?

– Мой.

– Колькі членаў камісіі не падпісалі сфальсіфікаваны пратакол?

– Падняліся і выйшлі адзінаццаць чалавек. З пятнаццаці.

– Гэта настаўнікі вашай школы?

– Так.

– Але потым іх подпісы ўсё ж з’явіліся пад сфальсіфікаваным пратаколам? Зноў жа пытаюся ў вас, бо ніводнага з членаў камісіі мне знайсці не ўдалося.

– Я хацеў бы абысці гэта пытанне.

– Вы баіцеся нейкага пераследу з боку ўлады?

– Прызнацца, баюся. І пасаду страціць, і не толькі… Баюся за сваю маленькую дачку. Мне сапраўды страшна. Вось чаму я так сябе паводжу цяпер. Зразумейце мяне… Зрабіць могуць усё, што заўгодна… Мы ж гэта ведаем…

– Як вы лічыце, нешта падобнае магло адбывацца на іншых выбарчых участках? Прынамсі, у вашым горадзе?

– Давайце зададзім сабе такое пытанне. Калі не памыляюся, восемдзесят пяць пратаколаў па ўсёй краіне, таксама як і “мой”, былі, скажам так, асветлены. Што з тымі пратаколамі? Што на тых участках? Што з тымі камісіямі? Невядома. У трох выпадках, я чуў, дырэктары школ напісалі заявы аб звальненні, але іх не падпісалі, яны пакуль працуюць. А што там далей? А ў астатніх васьмідзесяці двух выпадках што? Пратаколы перападпісалі ці не?

– А чаму вы ўсё ж перападпісалі? Вас угаварыў той жа Сташэўскі? Пазней, на нейкай канфідэнцыяльнай сустрэчы?

– Я не магу расказаць, як мяне ўгаварылі. Сустрэч з ім у мяне пазней не было. Усё адбылося там жа. Ужо не так прылюдна, канешне, але…

– Раней вы казалі, што некаторыя СМІ напісалі пра здарэнне ў вашай школе неаб’ектыўна. Чым канкрэтна вы не задаволены?

– Ды пачалі перапісваць усе, каму не лянота. Журналістам, я шчыра скажу, даваў такія абцякальныя адказы. Але яны ўсё падалі так, як ім хацелася. Пакацілася ўсё, як снежны камяк з гары. Калі ўжо ўкраінскія і расійскія СМІ зацікавіліся… Былі абвінавачванні ў тым, што мне заплацілі… Таму я сам сабе сказаў: хопіць! Нікому нічога казаць больш не буду. Зразумейце мяне, я дырэктар школы, а не рэвалюцыянер.

У кабінет Сяргея Піталенкі мы яшчэ вернемся. Ужо з менш няёмкім адчуваннем, чым перад інтэрв’ю, на якое мой суразмоўца ўсё ж адважыўся. Дзякуй яму за гэта! Думаю, чытачы “Народнай Волі” разумеюць, што ў дадзенай сітуацыі дырэктар школы праявіў пэўную мужнасць.

Чарговым разам не дазваніўшыся да асноўнага фігуранта “віцебскай справы” Сташэўскага, я набраў нумар больш высокага начальніка – намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Глушына. Нечакана ён мне адказаў. Прычым на добрай беларускай мове.

– Віктар Валер’евіч, вы ж, напэўна, чулі пра тое, што адбылося ў СШ №44 9 жніўня?

– Чуў. Але, відаць, не больш, чым вы. І бачыў – тое, што выстаўлена ў інтэрнэце.

– Дазвольце не паверыць, што вы, займаючы гэткую пасаду, такі малаінфармаваны. Таму стаўлю пытанне рубам: чаму віцебская ўладная вертыкаль самым брутальным чынам умешвалася ў выбарчы працэс? Вы ж ведаеце, што фальсіфікацыя пратаколаў – гэта крымінальная адказнасць.

– Ваша пытанне правакацыйнае. Я вам скажу, што вертыкаль гарвыканкама ні ў што не ўмешваецца. Больш тлумачыць не буду. Трэба пытанні задаваць правільна. І калі вы ведаеце Выбарчы кодэкс, то можаце там пачытаць, якую ролю адыгрывае гарвыканкам. Паўтаруся: я ведаю па гэтай сітуацыі роўна тое ж, што і вы. Чытаў у інтэрнэце, слухаў. У вас ёсць доказы, што гэта сапраўдная інфармацыя? Вы кампетэнтны орган, каб гэта сцвярджаць? Я, напрыклад, не. І нічога вам патлумачыць не магу. Звяртайцеся непасрэдна да гэтага чалавека (С. Сташэўскага. – М.С.).

– Я спрабаваў, але вы яго ў адпачынак адпусцілі. Відаць, ператаміўся чалавек падчас выбараў…

– Прабачце, я ў гэтай сітуацыі вам таксама нічога не патлумачу. Каб нешта тлумачыць, трэба нешта ведаць. Калі гэта сітуацыя была… Я вам ужо сказаў, гэта не ў маёй кампетэнцыі, тлумачыць я нічога не буду.

Віктар Глушын, у чые службовыя абавязкі ўваходзіць і ідэалогія, размаўляў са мной размераным безэмацыйным голасам. Было такое ўражанне, быццам чуеш у слухаўцы савецкага радыёдыктара. Ці – размаўляеш з аўтаадказчыкам. Адчувалася вывучка БРСМ, дзе Віктар Валер’евіч даволі працяглы час займаў кіроўныя пасады і адкуль перасеў у крэсла намесніка старшыні гарвыканкама. Такія кадры ўмеюць адказаць, нічога не сказаўшы, заўсёды ў іх напагатове, як выратавальны круг, выраз “гэта не ў маёй кампетэнцыі”.

“Не ў кампетэнцыі” спадара Глушына, як высветлілася падчас нашай размовы, і той тапанімічны кавардак у цэнтры Віцебска, дзе ўсе турысты, як у лесе, блукаюць на трох вуліцах імя Бебеля, на пяці імя Свярдлова і ажно на дзесяці вуліцах, якім ні з пушчы ні з поля нададзена імя Надзеі Крупскай…

За два гады знаходжання на адказнай гарвыканкамаўскай пасадзе Віктару Глушыну і ў галаву не прыйшло у прадугледжаным заканадаўствам парадку “забраць” у савецкіх дзеячаў па вуліцы, пераназваўшы іх у гонар знакамітых сыноў Віцебшчыны – Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. “Не ў маёй кампетэнцыі”, – гучала, як мантра.

Са школы №44 (паспяховай, са школай-пабрацімам у Пекіне, з адзіным у Беларусі адкрытым непасрэдна з кітайцамі класам Канфуцыя, дзе вывучаецца кітайская мова і дзеткі займаюцца ушу) я сыходзіў з прыкрым пачуццём. Праехаўшы трыста кіламетраў дзеля шчырай і адкрытай размовы з чалавекам, які спрабаваў супрацьстаяць антызаконным дзеянням упэўненага ў сваёй беспакаранасці чыноўніка, і – пачуць стрыманыя, як на допыце, адказы. Але ўсё ж такі я іх пачуў. Насуперак рэкамендацыям зверху, пасля якіх, як паказваюць падзеі апошніх дзён, можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Усю Беларусь на гэтым тыдні шакіравала раптоўная смерць пры
загадкавых абставінах 29-гадовага дырэктара Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея Канстанціна Шышмакова. Ён таксама быў старшынёй выбарчай камісіі, дзе не ўсе члены пагадзіліся падпісаць сфальсіфікаваны пратакол.

Пасля трагічнага здарэння ў Ваўкавыску у сацыяльных сетках зноў замільгацела словазлучэнне “эскадроны смерці”, прызабытае ўжо за апошнія два дзясяткі гадоў. А ўпершыню пра такі “эскадрон” напісаў яшчэ Уладзімір Караткевіч. Помніце – “дзікае паляванне караля Стаха” ў аднайменнай аповесці? Як маёнтак Балотныя Яліны доўгія гады жыў у жудасным здранцвенні, як вершнікі смерці палявалі на людзей, забівалі іх, а праваахоўнікі ніяк не маглі натрапіць на след забойцаў. І толькі калі паўстаў увесь навакольны люд, кароль Стах быў развянчаны і знішчаны.

Караткевіч невыпадкова так назваў свайго антыгероя – Стах (сугучна слову “страх”). Пісьменнік нібы прадбачыў падзеі 2020 года, калі па Беларусі зноў затупацела капытамі дзікае паляванне караля Страху. Яно то дзікае і гіклівае, як арда, то ціхае, як начныя варанкі ў 1937-м. І ціхае яшчэ больш страхотлівае і небяспечнае.

Але Беларусь – ужо даўно не Балотныя Яліны. Калі насустрач д’ябальскаму паляванню караля Страху бясстрашна выйдзе ўвесь беларускі народ (а ён ужо выйшаў і працягвае выходзіць), то неўзабаве мы ўсе пабачым, што вершнікі, якія наганялі жудасць на ўсю ваколіцу, – усяго толькі саламяныя пудзілы. І дарога ім адна – на крумкачыны сметнік.

***

Гэты матэрыял мог быць апублікаваны ў газеце «Народная Воля» за 21 жніўня (№66), але па ўказанні з Адміністрацыі прэзідэнта тыраж не быў аддрукаваны ў выдавецтве «Беларускі Дом друку».

Поделиться: