Ланцуг салідарнасці ў Гродне, які праводзіў Саюз палякаў. Фота аўтара

Аляксандр Лукашэнка на адной з нарад заявіў, што сітуацыя ў краіне дакацілася да таго, што ў Гродне ўжо пачалі вывешваць польскія сцягі. “Народная Воля” паспрабавала адшукаць тыя месцы ў абласным цэнтры, дзе вывешаны сцягі суседняй краіны.

Па дапамогу рэдакцыя звярнулася да кіраўніка ідэалагічнага аддзела Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра Каваленкі. Пачуўшы наша пытанне, Аляксандр Віктаравіч прапанаваў паглядзець здымкі пікетаў і мітынгаў, якія адбываліся ў Гродне на мінулым тыдні.

Насамрэч падчас правядзення “ланцуга салідарнасці” члены таго Саюза палякаў, які не прызнаюць беларускія ўлады, трымалі ў руках польскія сцягі. І на мітынг, які адбыўся на плошчы Леніна, некаторыя з іх прыходзілі з польскімі сцягамі.

Але каб іх недзе вывесілі – такіх прыкладаў рэдакцыя не знайшла. Як бачым, Лукашэнка, як звычайна, інтэрпрытаваў падзею па-свойму.

Дарэчы, у замежных краінах нашы суайчыннікі выходзяць на розныя акцыі з нацыянальна-гістарычнымі беларускімі бел-чырвона-белымі сцягамі. Стаяць з імі ў пікетах у Варшаве, Вільнюсе, Бруселі, Нью-Ёрку, Берліне і г.д.

Французы наогул замацавалі бел-чырвона-белы сцяг у руцэ помніка Жанне Д’Арк, які ўзведзены у цэнтры Парыжа. А немцы намалявалі наш сцяг у Берліна на Potsdamer Platz. І нікому гэта не перашкаджае.

Людзі па ўсім свеце выказваюць салідарнасць з беларускім народам. І палякі, якія жывуць у Гродне, таксама падкрэсліваюць салідарнасць з беларусамі, трымаючы ў руках свой сцяг.

А вось той сцяг, які лічыцца ў Беларусі дзяржаўным, ніхто ў свеце нідзе не ўздымае і не вывешвае. Пра гэта варта было б задумацца Аляксандру Лукашэнку.

Поделиться: