У Гомелі не спыняюцца пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, арыштаў прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай, затрыманняў і збіцця мірных грамадзянаў на вулічных акцыях.

21 жніўня а 18-й гадзіне на пляцоўцы каля цырка валанцёры зладзілі збор подпісаў пад заявай Следчаму камітэту Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем спынення палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненні Сяргея Ціханоўскага, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Тацяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Пятрухіна ды дзесятка іншых палітычных нявольнікаў.

Яшчэ адна заява накіроўваецца гомельскаму гарадскому аддзелу Следчага камітэта з патрабаваннем распачаць крымінальную справу паводле артыкула 128 КК «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва». У ёй, у прыватнасці, указваецца, што 11 жніўня ў Цэнтральным РАУС «групу затрыманых прымушалі 18 гадзін ляжаць на падлозе тварам уніз, зрэдку дазваляючы прысесці, прымушалі поўзаць па падлозе, пры гэтым збівалі нагамі і дубінкамі, у тым ліку наносячы ўдары па галаве». Затрыманых не кармілі, забаранялі паведамляць, дзе яны знаходзяцца, сваім блізкім.

Факты збіцця і прямянення катаванняў зафіксаваны таксама і ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі Гомеля.

«Трэці дакумент накіроўваем у аблвыканкам у падтрымку пазіцыі гомельскай Каардынацыйнай Рады аб прызнанні выбараў несапраўднымі,  аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова прапаноўваем у звароце абмеркаваць працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку і на Гомельшчыне. Адказным чыноўнікам хопіць сядзець у «глухой абароне», трэба пачынаць кантактаваць з грамадзянамі», – зазначае грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў.

Блізу 19 гадзіны на вуліцы Савецкай быў спынены рух грамадскага і прыватнага транспарту, які звычайна працяглымі сігналамі вітаў пратэстоўцаў.

У суправаджэнні ДАІ на Савецкай прайшла паўтаракіламетровая калона камбайнаў «Палессе», трактараў, рознай іншай прамысловай і камунальнай тэхнікі. Завяршалі гэты дзіўны парад пажарныя машыны МНС. На тэхніцы было мноства афіцыйных сцягоў, а таксама лозунгі: «Эканоміка супраць страйку». Відавочна, калона мела мэтай дэманстраваць стваральны чыннік 26-гадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак пратэстоўцы былі ў недаўменні. Малады ўрач Аляксандр з бел-чырвона-белым сцягам на плячах таксама здзіўляецца ўбачанай калоне: «Не ўяўляю, каб гаспадарлівыя беларусы з уласнай ініцыятывы ганялі ўпустую тэхніку па гораду».

Іншыя скептычна прапаноўвалі пусціць адразу па вуліцы танкі, каб ужо назаўтра перакладваць асфальт на адной з асноўных гарадскіх магістраляў.

Яшчэ больш канкрэтна выказаўся гамяльчанін Сычоў: “Лепшай дэманстрацыі безгаспадарлівасці, упадка эканомікі і эканамічнага мыслення нельга і прыдумаць”.

Гомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстамГомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстамГомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстамГомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстамГомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстамГомель: сельгастэхніка ў супрацьвагу пратэстам

Поделиться: