Фота з адкрытай крыніцы

Старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой звярнуўся да жыхароў горада праз мясцовае тэлебачанне. Ён выказаў свае патрабаванні да пратэстоўцаў і нагадаў, што ўлады пакідаюць за сабой права прыняць законныя меры да людзей, якія парушаюць гэтыя патрабаванні.

Паводле Мечыслава Гоя, асобныя ўдзельнікі «пратэстных мерапрыемстваў» заклікаюць да страйкаў. Акрамя таго, апускаюцца да абраз, запалохванняў і пагроз фізічнай расправы педагогам, кіраўнікам прадпрыемстваў, сем’ям супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і проста людзей, якія маюць іншы пункт гледжання.

«Мы просім усіх жыхароў горада ўзважана і канструктыўна падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказванне думкі. Не паддавацца на правакацыі і ананімныя заклікі да супрацьпраўных дзеянняў, здольных нанесці шкоду працоўным правам і законным інтарэсам грамадзян», – сказаў старшыня гарвыканкама.

Ён таксама агучыў наступныя патрабаванні:

– выконваць закон аб масавых мерапрыемствах;

– адмовіцца ад ціску на сем’і гродзенцаў, якія выконваюць свой службовы абавязак;

– спыніць распаўсюджванне праз сацыяльныя сеткі хлуслівай інфармацыі пра цяперашнія падзеі;

-выконваць права на адпачынак гродзенцаў у цішыні, на грамадскі парадак і бяспеку.

У яго выступе таксама прагучала папярэджанне, што ўлады пакідаюць за сабой права прыняць законныя меры да людзей, якія парушаюць гэтыя патрабаванні.

Нагадаем, што ўжо ўчора гродзенскія ўлады адмовіліся прадстаўляць гукаўзмацняльную апаратуру для ўдзельнікаў пратэстнага мітынга, спаслаўшыся на закон “Аб масавых мерапрыемствах”, маўляў, для яго правядзення неабходна падаваць заяўку ў адпаведны з заканадаўствам тэрмін.

Поделиться: