Мітынг, які адбыўся 20 жніўня на плошчы Леніна ў Гродне, не ўзгадняўся з мясцовымі ўладамі, але людзі зноў прыйшлі сюды, наладзілі адкрыты мікрафон і правялі акцыю.

Ужо пасля 17-й гадзіны перад плошчаю стаяла міліцэйская машына, праз мегафон даносілася папярэджанне, што акцыя несанкцыянаваная ўладамі. Тым не менш сюды ішлі пасля працы людзі з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Гучала звонкае “Жыве Беларусь!”. Праўда, людзей сабралася менш, чым у папярэднія дні.

Многія з тых, хто прысутнічаў, казалі, што штодзённыя мітынгі стамілі людзей і варта было б эканоміць сілы і збірацца толькі ў асобныя дні. Іншыя з імі не пагаджаліся і настойвалі на тым, што варта штодня дэманстраваць уладам незадаволенасць грамадства.

Аказалася, што сёння некаторых арганізатараў мерапрыемтсва на гэты час выклікалі ў міліцыю. Акрамя гэтага днём на мясцовым тэлебачанні прагучала папярэджанне старшыні гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя аб тым, што мітынг на плошчы Леніна не санкцыянаваны.Улады не прадставілі гукаўзмацняльную апаратуру, як абяцалі гэта рабіць яшчэ ў панядзелак.

Людзі, як і ўчора арганізавалі свабодны мікрафон, праўда, сёння нават без мегафона кожны выходзіў і гаварыў пра тое, што думае. Мітынг адбыўся, яго ўдельнікі запэўнілі, што і надалей будуць выходзіць у цэнтр горада пратэставаць.

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: