Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Фота https://twitter.com/grsu_grodno

На сайце Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з’явіўся зварот рэктарата да студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Трохі пазней студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі адказалі сваім зваротам да рэктарата.

У звароце рэктарата – заклік “слухаць і пачуць адзін аднаго без агрэсіі і насілля”. І ўсё дзеля таго, каб захаваць Беларусь мірнай і стабільнай.

Студэнты, супрацоўнікі, выкладчыкі і выпускнікі ўніверсітэта імя Янкі Купалы пішуць, што не могуць моўчкі наглядаць за насіллем і не могуць далей маўчаць.

Яны канстатуюць, што: выбары ў краіне не былі адкрытымі і галоснымі; незалежныя назіральнікі не былі дапушчаны на выбарчыя ўчасткі; на многіх участках была завышаная яўка выбаршчыкаў; на членаў выбарчых камісій аказваўся ціск; не ўсе маглі азнаёміцца з вынікамі выбараў.

Усе вышэйпералічаныя факты, на думку аўтараў звароту, супярэчаць выбарчаму заканадаўству і Канстытуцыі Беларусі.

У звароце падкрэсліваецца, што ўсе сталі сведкамі жорсткага прымянення сілы да мірных пратэстоўцаў з боку сілавых структур.

Многія нашы суайчыннікі былі збітыя і абстраляныя са зброі падчас мірных дэманстрацый. Было затрымана шмат грамадзян, якія не мелі непасрэднага дачынення да пратэстаў. Такія нечалавечыя дзеянні сілавых структур незаконныя, парушаюць Канстытуцыю Беларусі”, – гаворыцца ў звароце.

Аўтары падкрэсліваюць, што хочуць жыць у краіне, дзе выбары праходзяць чэсна, без фальсіфікацый, дзе міліцыя забяспечвае бяспеку грамадзян, а не пагражае іх жыццю і здароўю.

На гэтай падставе студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі і выпускнікі ўніверсітэта Янкі Купалы звяртаюцца да рэктарата і просяць падтрымаць іх патрабаванні:

– прыцягнуць да адказнасці ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія вінаваты ў збіцці і забойстве пратэстуючых;

– вызваліць усіх палітзняволеных і асоб, якія былі затрыманы падчас мірных пратэстаў і выказаць на гэтыя факты свой пункт погляду;

– прызнаць праведзеныя 9 жніўня выбары несапраўднымі, правесці новыя чэсныя выбары;

– прыцягнуць да адказнасці асоб, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў.

Поделиться: