Улады Гродна адмовіліся 19 жніўня прадаставіць мітынгоўшчыкам гукаўзмацняльную апаратуру і сказалі арганізатарам, што згодна з законам аб правядзенні масавых мерапрыемстваў акцыя павінна быць узгоднена заранёй у адведзены заканадаўствам тэрмін. Мітынг тым не менш адбыўся, выступоўцы гаварылі ў звычайны мегафон.

Зноў сабраліся тысячы людзей на плошчы. Людзі ішлі з працы калонамі са сцягамі ў руках, здалёк даносілася “Жыве Беларусь!”. Але ўжо ад самага пачатку на плошчы ўзнікла замінка – не было гукаўзмацняльнай апаратуры.

Арганізатары патлумачылі, што гарадскія ўлады адмовілі ім яе прадаставіць.

Тое, што ў мінулы панядзелак на падобным мітынгу старшыня Гродзенскага абласнога Савета Ігар Жук ад імя ўлады браў абавязак не чыніць перашкодаў для правядзення мітынгаў, якія грамадзянам Беларусі гарантаваныя Канстытуцыяй, прадстаўляць за кошт горада ўзмацняльную апаратуру, ўжо стала пустымі словамі.

“Дэмакратыя скончылася на трэці дзень,” – нехта пажартаваў у натоўпе.

Невядома адкуль з’явіўся чалавек пенсійнага ўзросту, які яўна неадэкватнымі паводзінамі хацеў справакаваць сітуацыю. Людзі перад ім раступіліся і голасна скандавалі “Ухадзі!” да тае пары, пакуль ён не пайшоў з плошчы.

На самым пачатку мітынга з гарвыканкама выйшлі міліцыянты і ў свой мегафон спрабавалі сказаць, што масавае мерапрыемства адбываецца незаконна і прасілі разысціся. Праўда, гэтыя іх словы ніхто не пачуў, паколькі ўся плошча скандавала: “Ганьба!”.

Арганізатары спрабавалі даставіць на плошчу сваю апаратуру, але пазней аб’явілі, што машыну, на якой яе везлі, спыніла ДАІ і не прапусціла ў цэнтр горада.

Тым не менш, арганізатары хутка наладзілі свабодны мікрафон. Людзі прамаўлялі ў мегафон, які працаваў хоць і не вельмі якасна, але кожны выступ стараліся пачуць паколькі ён гучаў ад душы.

Большасць выступаў пачыналася словамі; “Я першы раз у жыцці трымаю мікрафон…”.

Рабочы распавядаў, як начальства цісне на іх, каб не бралі ўдзел у забастоўцы. Прадпрымальнік нагадваў людзям, што выбары былі сфальсіфікаваныя і Лукашэнка больш не прэзідэнт.

Сталая жанчына прасіла людзей не здавацца і кожны дзень прыходзіць на плошчу, падтрымліваць адзін аднаго.

Малады хлопец распавёў, што за гэтыя дні адчуў і зразумеў, што наогул значыць свабода і як гэта добра, калі яна ёсць у жыцці. Мужчына пенсійнага ўзросту настойваў на тым, каб не пераставалі пісаць скаргі і звярталіся ў пракуратуру з патрабаваннямі пакараць злачынцаў, якія ўчынілі ў Беларусі гвалт над народам.

І ўсе гэтыя людзі заклікалі да аднаго: не здавацца, баставаць і дамагчыся таго, каб дабро ў Беларусі перамагло зло.

Мітынг скончыўся і ўсе спакойна разышліся. Супрацоўнікаў міліцыі побач не было. Прагучала аб’ява, што заўтра ізноў на гэтым жа месцы адбудзецца падобнае мерапрыемства.

У Гродне ўлады спрабавалі забараніць мітынг. Забыліся на свае абяцанніУ Гродне ўлады спрабавалі забараніць мітынг. Забыліся на свае абяцанніУ Гродне ўлады спрабавалі забараніць мітынг. Забыліся на свае абяцанні

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: