Юрий Караев. Фото https://zviestki.com/

Акторы тэатраў і іншыя прадстаўнікі творчых колаў Гродна напісалі ліст міністру ўнутраных спраў Беларусі Юрыю Караеву з патрабаваннем яго адстаўкі. Пад ім падпісаліся больш ста чалавек.

Яны пішуць, што ацанілі ўчынак міністра, калі той узяў на сябе адказнасць за тое, што ўчынілі яго падначаленыя. Але, маўляў, гэтага замала, каб адказаць за злачынствы супраць беларускага народа.

“Мірныя людзі выйшлі на мітынг, маючы на гэта канстытуцыйнае права, хацелі быць пачутымі, хацелі чэснасці і справядлівасці, – гаворыцца ў лісце. – У выніку – загінуўшыя, параненыя і проста пакалечаныя грамадзяне”.

Аўтары ліста пішуць, што гэтыя злачынствы патрэслі ўвесь свет і доказы іх ужо ніхто не схавае.

“Дзеля чаго гэта адбылося?” – задаюцца пытаннем аўтары ліста.

Усе, хто прымаў удзел у гэтых злачынствах, па сцвярджэнню аўтараў ліста, паставілі сябе не толькі па-за законам, яны пакрылі сябе вечнай незмываемай ганьбай.

“Прабачыць і забыць такое немагчыма. Гэта злачынства супраць народа Беларусі”, – цытата з ліста.

Ініцыятары паслання лічаць, што ўсе часці, якія прымалі ў гэтым удзел, павінны быць расфарміраваныя, а вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці.

“Калі ў вас засталася хоць кропля афіцэрскага гонару, мужнасці і сумлення, вы абавязаны не толькі пайсці ў адстаўку, але і публічна даць свае тлумачэнні грамадству, назваць усіх, хто прымаў рашэнне і аддаваў злачынныя загады. Усіх па імёнах,” – гучыць патрабаванне прадстаўнікоў гродзенскай інтэлігенцыі.

Поделиться: