Фота https://volkovysk.by

Жыхары Ваўкавыска нясуць кветкі да музея, дзе працаваў дырэктарам Канстанцін Шышмакоў, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол на мінулых прэзідэнцкіх выбарах на сваім выбарчым участку. Яго нежывым знайшлі 18 жніўня на тэрыторыі Мастоўскага раёна.

“Гэта нагадвала суіцыд”

Паводле афіцыйнай інфармацыі, распаўсюджанай Следчым камітэтам па Гродзенскай вобласці, смерць мужчыны не носіць крымінальнага характару.

Цела Канстанціна Шышмакова было знойдзена валанцёрамі пошука-выратавальнага атраду “Анёл” побач з вёскай Левыя Масты.

Крысціна Крук, якая ўзначальвала групу з дзесяці чалавек, распавяла, што яны прыбылі ў Левыя Масты па атрыманай арыенціроўцы. Напачатку даволі хутка быў знойдзены аўтамабіль Шышмакова – практычна на беразе Нёмана.

“Далейшы пошук зацягнуўся, бо была дапушчана памылка, мы напачатку палічылі, што цела знаходзіцца ў вадзе, – гаворыць валанцёрка. – Мы падымалі беспілотны апарат, спрабавалі высветліць, што ўсё ж там знаходзіцца, але нам так і не ўдалося больш дакладна разглядзець аб’ект. І толькі пасля таго, як прыбылі ратавальныя службы высветлілася, што ў вадзе быў папросту інародны прадмет”.

Прыблізна пасля 15-ці гадзін пошуку ў лесапаласе метрах у 500 ад аўтамабіля было знойдзена цела Канстанціна Шышмакова

“На нашу думку, з таго, што мы пабачылі, гэта нагадвала суіцыд, – кажа Крысціна Крук і дадае. – Мы, зразумела, не крыміналісты, а займаемся толькі пошукам людзей, а таму варта давяраць той інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт”.

Першымі інфармацыю пра знікненне Канстанціна Шышмакова апублікаваў tut.by. Уёй паведамлялася, што дырэктар Ваўкавыскага музея быў адным з двух членаў выбарчай камісіі на ўчастку ў школе №2 Ваўкавыска, які адмовіўся падпісаць пратакол падліку галасоў.

Наступны тыдзень ён быў у адпачынку, а 15 жніўня выйшаў на працу. У той жа дзень ён патэлефанаваў жонцы каля 17.00 і сказаў: «Я тут працаваць больш не буду, еду дамоў».

Але дадому ён так і не прыехаў.

“Ён быў прыстойным чалавекам”

У музеі, дзе працаваў Шышмакоў, усе моцна ўражаныя, размаўляць з журналістам папросту баяцца. Адзінае, што сказалі людзі, – ён быў прыстойным чалавекам. Паводле слоў аднае з супрацоўніц, блізкіх сяброў у яго ў Ваўкавыску не было, паколькі сам родам з Брэсцкай вобласці. І, маўляў, увесь вольны час ён займаўся сям’ёй, у іх маленькая дачушка, якоёй толькі тры годзікі. Вельмі любіў рыбалку і часта разам з жонкай і дачушкай ездзіў у Мастоўскі раён на Нёман, дзе і лавіў рыбу.

У Ваўкавыску на сёння гэта адна з найбольш абмяркоўваемых тэмаў. 18 жніўня ўвечары, калі людзі сабраліся на плошчу ў знак салідарнасці з забастоўкамі ў краіне, аднеслі кветкі да вайскова-гістарычнага музею, дзе дырэктарам быў Канстанцін Шышмакоў.

Людзі неахвотна выказваюцца на гэтую тэму, часцей за ўсё адказваюць, што ведаюць толькі тое, што было афіцыйна надрукавана ў СМІ. Праўда, адзін мужчына сказаў, што тэлефануюць знаёмыя і сябры з усёй краіны і пытаюцца – што здарылася? Многія кажуць, што стала страшна жыць.

Усе чакаюць, што адказы на пытанні – як і чаму загінуў Канстанцін Шышмакоў – павінны даць следчыя органы. Гэта, маўляў, іх прафесійны абавязак.

Поделиться: