18 жніўня ў Гродне на мітынгу ўсе выступоўцы заклікалі працягваць агульнарэспубліканскую забастоўку, як адзіны рэальны спосаб паўплываць на ўладу.

Рабочы прадпрыемства “Гроднажылбуд”, якое адно з першых у горадзе пачало забастоўку, распавёў, што яны атрымалі адпіску ад гарадскіх уладаў на патрабаванні, якія былі выстаўленыя яшчэ ў пятніцу. Галоўнае з іх – Лукашэнку ў адстаўку – ніяк не разгледжана мясцовымі ўладамі, яны да гэтага патрабавання не далучыліся.

Мы сёння галасавалі за тое, каб падтрымаць агульнарэспубліканскую забастоўку. Заўтра будуць вынікі, але ўжо сёння зразумела, што ў нас зараз няма іншага шляху, каб дамагчыся вынікаў сваіх патрабаванняў. А таму – забастоўка!”, – сказаў ён.

Арганізатары аб’явілі, што 18 жніўня ў аблвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва з дырэктарамі гродзенскіх прадпрыемстваў. Журналістаў на сустрэчу не пусцілі, але стала вядома, што на гэтым закрытым паседжанні вырашалі пытанне аб тым, якім чынам не дапусціць забастовак на большасці прадпрыемстваў.

Вы апора ўлады і вы яе корміце, а калі перастанеце гэта рабіць яна сама будзе ні на што не здольная”, – прамаўляў дырэктар гродзенскага стадыёна Віктар Шумель. – Тады перастаньце карміць гэтую ўладу. Забастоўка!

Рабочая прадпрыемства “Гроднапрамбуд” распавяла, што іх кіраўніцтва, у прыватнасці дырэктар Алік Вагапаў, нягледзячы на абяцанні кіраўнікоў аблвыканкама спыніць ціск на рабочых, працягвае гэта рабіць і дамагаецца, каб тыя не бралі ўдзел у забастоўцы.

Сёння нашы калегі на працы расказвалі, як начальства спрабавала іх падкупіць, прапаноўвалі грошы. Але мы не прадаёмся ніколі і яны павінны гэта зразумець. Забастоўка!” – так прамаўляла жанчына.

На мітынгу было паведамлена, што ўсяго ў Гродзенскай вобласці падчас пратэстаў былі затрыманы, паводле афіцыйнай інфармацыі, 776 чалавек. На сённяшні дзень толькі двое з іх застаюцца за кратамі. Ёсць надзея, што і яны будуць адпушчаныя.

Гродзенская вобласць можа стаць першай свабоднай зонай у Беларусі без палітвязняў, – казаў Васіль Яварчук. – З намі гавораць і гавораць тыя, хто яшчэ некалькі дзён таму нават не хацеў глядзець у наш бок. Гэта перамога, але яшчэ не поўная”.

Доктар гістарычных навук Святлана Сільвестрава, якая ў 2014 годзе па палітычных матывах была звольненая з гродзенскага ўніверсітэта, у сваім выступе звярнула ўвагу, што варта ўсім у акругах заняцца адкліканнем дэпутатаў усіх узроўняў, якія не патрымліваюць патрабаванні сваіх выбаршчыкаў.

“Гэтую працэдуру ўжо распачалі ў Мінску і гэта важна. Нам таксама патрэбна гэта рабіць. Мы павінны паказаць, што ўлада – гэта мы!”, – сказала яна.

Скончыўся мітынг цудоўным канцэртам Лявона Вольскага. Людзі маюць намер збірацца кожны дзень да тае пары, пакуль не даб’юцца перамогі.

У Гродне пратэстоўцы маюць намер баставаць да перамогіУ Гродне пратэстоўцы маюць намер баставаць да перамогі

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: