У Гомелі на цэнтральнай плошчы вечарам 17 жніўня адбыўся шматлюдны мітынг, на які жанчыны праз збор подпісаў запрашалі кіраўнікоў горада і вобласці. Аднак ніхто з іх да пратэстоўцаў не выйшаў, хоць мітынг праходзіў літаральна пад вокнамі аблвыканкама.

Прамоўцы адзначалі на мітынгу, што на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня адбылася вялікая колькасць фальсіфікацый. З гэтай прычыны на плошчы правялі своеасаблівую верыфікацыю нядаўняга галасавання. У грамады запыталіся: хто галасаваў за Аляксандра Лукашэнку? Прысутнічала на плошчы каля тысячы месцічаў, але ніхто не падняў руку. За Святлану Ціханоўскую і другіх альтэрнатыўных кандыдатаў паўстаў лес рук. Сярод шэрагу надпісаў на плакатах быў і такі: «Святлану – да прысягі!»

Гамяльчанін Яўген Меркіс праінфармаваў прысутных, што прадстаўнікі грамадскіх арганізацый рэгіёна аб’ядналіся ў Каардынацыйную раду і супольна падрыхтавалі зварот да  рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады.

У звароце канстатуецца: нядаўняя выбарчая кампанія прайшла са шматлікімі парушэннямі дзейнага заканадаўства. Выбары не могуць быць прызнаны свабоднымі, сумленнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Як сказана ў звароце, «афіцыйныя вынікі не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь». Больш за тое, папярэднія і наступныя падзеі прывялі да эскалацыі гвалту з боку сілавых структураў у дачыненні да грамадзян, якія “мірна выражалі сваю нязгоду з афіцыйнымі вынікамі выбараў”. Адзначалася, што нават на дадзены момант у ІЧУ і турмах незаконна ўтрымліваюцца сотні суайчыннікаў, многія з якіх зазнаюць гвалт і прыніжэнні (плошча скандуе: «Ганьба! Ганьба!»).

Грунтуючыся на прынцыпах свабоды, дэмакратыі, роўнасці, верхавенства законаў і правоў чалавека, павагі да чалавечай годнасці і кіруючыся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, з мэтай папярэджання далейшай дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, выключэння пагрозы дзяржаўнаму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама дзеля налажвання працэсу мірных пераменаў, прадстаўнікі гомельскай Каардынацыйнай рады патрабуюць наступнае.

  1. Прызнання несапраўднымі агучаных 14 жніўня 2020 года вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыцягнення да адказвасці ўдзельнікаў фальсіфікацый.
  2. Неадкладнай адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі з прычыны страты даверу.
  3. Безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых падчас выбарчай кампаніі і наступных падзей, а таксама спынення ўсіх палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў і поўнага спынення пераследу паводле палітычных матываў, у тым ліку грамадзян за выяўленне сваёй грамадзянскай пазіцыі, якія былі прыцягнуты да адказнасці супрацоўнікамі ДАІ (працяглае скандаванне: “Адпускай!»).
  4. Паўнавартаснага і празрыстага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту з боку праваахоўных органаў пры затрыманнях і ўтрыманні пад вартай грамадзянаў, у тым ліку забойстваў і катаванняў. Размясціць у адкрытым доступе спіс затрыманых, арыштаваных і прыцягнутых да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці падчас выбарчай кампаніі і наступных падзеяў.
  5. Правядзення цягам трох бліжэйшых дзён у Гомелі «круглага стала» з удзелам гомельскай Каардынацыйнай рады, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і кіраўніцтва горада Гомеля і Гомельскай вобласці з мэтай абмеркавання шляхоў выйсця з грамадска-палітычнага крызісу. Забяспечыць пры гэтым наўпроставую трансляцыю і роўны доступ да асвятлення згаданага мерапрыемства дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ.
  6. Не чыніць перашкодаў свабоднаму правядзенню мірных грамадскіх сходаў, акцый, мітынгаў і шэсцяў ў Гомелі ды іншых населеных пунктах Гомельскай вобласці з мэтай свабоднага выказвання думак і перакананняў.

Кожны пункт звароту быў адобраны мітынгоўцамі.

Асобны ліст прадрыхтавалі гомельскія жанчыны старшыням аблвыканкама Генадзю Салаўю, гарвыканкама Пятру Кірычэнку і абласному пракурору Віктару Марозаву. Жанчыны перакананы, што кожны з іх «на сваім месцы можа спыніць хвалю беззаконня, палітычных рэпрэсій, гвалту, якія ахапілі нашу краіну».

Ліст зачытала гамяльчанка Святлана Кароль. Жанчыны не жадаюць «жыць з уладаю, якая падманвае і здраджвае свайму народу», яны не хочуць «гаротнага лёсу для сваіх дзяцей», не могуць «губляць сваіх мужчын, якіх і без таго надзвычай мала».

Гомельскія жанчыны патрабуюць ад афіцыйных асобаў спыніць палітычныя рэпрэсіі і прыбраць з вуліц АМАП і іншых “карнікаў” без апазнавальных знакаў, вызваліць у вобласці ўсіх затрыманых на мірных акцыях і адмяніць штрафы, выбачыцца перад сем’ямі пацярпелых, звольніць з пасадаў тых, хто перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, а таксама прызнаць несапраўднымі аб’яўленыя вынікі выбараў.

«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам«Святлану – да прысягі!». Гамяльчане выставілі патрабаванні мясцовым уладам

 

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: