Павел Якімчык 11 жніўня ўвечары вяртаўся дадому. Убачыў АМАП, пабег — атрымаў тры раненні гумовымі кулямі і быў жорстка збіты ў міліцэйскім бусіку, перадае Радыё Свабода.

«Жыву я ў раёне Каменнай Горкі на вуліцы Бурдзейнага. Увечары каля крамы „Алмі“ ўбачыў невялікую колькасць пратэстоўцаў і аўтобус з АМАПам. Да дому было метраў 200. Я хутка пабег. Пачалася страляніна. Ужо каля самага дома зноў убачыў АМАП. Як мінімум трое байцоў накінуліся на мяне, пачалі лупцаваць дубінкамі. Кінулі на падлогу мікрааўтобуса», — кажа Павел.

Ён тлумачыў, што вяртаўся дадому, хацеў паказаць пашпарт з прапіскай, але на гэта АМАПаўцы не звярталі ўвагі. Падабралі яшчэ некалькі «пасажыраў». Таксама пабілі.

«Ва ўсіх праверылі тэлефоны — на прадмет тэлеграм-каналаў і чатаў, глядзелі, ці ёсць фота з пратэстаў. Задавалі пытанні. Галаву падымаць было небяспечна, бо адразу ж білі. Здзекаваліся, пагражалі. Мне ў аўтобусіку дасталася менш, некаторых білі больш жорстка, хоць мяне першым узялі, а дапытвалі апошнім.
У аўтобусе з АМАПам яны выкарыстоўвалі для рацыі пазыўны „501“ — можа, хтосьці са сведак, хто таксама быў у гэтым бусіку, адгукнецца. Я кажу, што моцна баліць рука, нямее. Яны ў адказ: зараз дадамо яшчэ. Праз 10 хвілін я зноў пачаў енчыць, што вельмі баліць. Адзін кажа: здымай байку. Убачыў, што рука прастрэленая», — узгадвае Павел.

Спрабавалі выклікаць хуткую дапамогу, але злавілі тую, што міма праяжджала. Хуткая завезла Паўла ў вайсковы шпіталь, у хірургічнае аддзяленне № 2. Экстранна прааперавалі.

«Адна гумовая куля трапіла ў перадплечча — пранікальнае раненне. Было яшчэ два датычныя раненні — у вобласць грудзей і ў лапатку. Мабыць, пашанцавала, бо калі б корпус быў пад іншым вуглом, магло быць значна горш.

Дактары шпіталя ставіліся да нас добра. Заадно зашылі мне і вуха (раней рабілі касметычную аперацыю, і калі збівалі, швы разышліся), — кажа Павал.

Супрацоўнікі Следчага камітэту да яго не прыходзілі. Хоць тыя, хто трапіў у вайсковы шпіталь з кулявымі і аскепачнымі раненнямі ў самы вечар сутыкненняў 9 жніўня, расказвалі, што іх дапытвалі па тры разы за ноч.

«У мяне склалася ўражанне, што некаторыя з тых, хто ў шпіталі застануцца інвалідамі. Са мной у пал

аце ляжаў хлопец, які сігналіў. Яго спынілі, пагражалі агнястрэльнай зброяй. Калі ён выйшаў, яму стрэлілі ў нагу.
У маю палату з рэанімацыі перавезлі параненага на Пушкінскай кіроўцу аўтобуса. Ён быў у даволі цяжкім стане, з трубкамі, катэтэрамі. Але да яго пусцілі здымачную групу АНТ», — кажа Павал.
Малады чалавек знаходзіўся ў вайсковым шпіталі з 11 па 14 жніўня.

«Некаторыя застануцца інвалідамі», — Павел атрымаў тры кулявыя раненні і быў збіты

Поделиться: