На фота справа – Васіль Яварчук

Гродзенец Васіль Яварчук стварыў групу валанцёраў, якая ставіць мэту: вызваліць з турмаў усіх арыштаваных падчас акцый пратэсту, спыніць магчымасць новага насілля над мірнымі грамадзянамі і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ўдзельнічаў у гэтых злачынствах. Іх дзейнасць распаўсюджваецца на ўсю вобласць.

“Галоўнае дастаць людзей з турмы, каб яны былі дома”

Як распавядае сам Яварчук, думка стварыць падобную групу прыйшла да яго адразу, калі ён пабачыў здымкі і відэа, як АМАП і іншыя праваахоўнікі катуюць затрыманых на акцыях пратэсту. У групу ўвайшлі яшчэ чатыры чалавекі, людзі самых розных прафесій. Ужо ў мінулы панядзелак яны сустрэліся з начальнікам Гродзенскага УУС Вадзімам Сіняўскім і выставілі перад ім першае патрабаванне: вызваліць усіх затрыманых палітвязняў.

Ужо на працягу дня Сіняўскі рапартаваў, што ўсе затрыманыя падчас акцый пратэсту вызвалены. Праўда, Яварчук і яго сябры склалі свой спіс: 7 чалавек яшчэ знаходзіліся за кратамі.

Мы абмеркавалі гэта з кіраўніком УУС Гродзенскага аблвыканкама і ў той жа дзень былі адпушчаныя яшчэ трое чалавек, – кажа Яварчук. – Тых, хто застаўся ў турме не адпускаюць з прычыны ўзбуджэння крымінальных спраў. Але мы настойваем, бо разумеем, як і за што гэтыя справы ўзбуджаліся. Цяпер галоўнае, каб людзі нават пад падпіску знаходзіліся дома, а не ў турме, дзе з імі могуць зрабіць што заўгодна”.

Вельмі трывожным для сябраў групы застаецца той факт, што пакуль яны нічога не ведаюць пра тых, хто падчас акцый пратэсту ў вобласці бясследна знік. Увесь час прапрацоўваецца гэта інфармацыя. Аб гэтым маўчаць сілавікі, няма падобнай інфармацыі і ў праваабарончых арганізацый.

“Дакладнай лічбы затрыманы няма”

Васіль распавядае, што ад пачатку яны чакалі, што высокае начальства не вельмі захоча з імі кантактаваць, але пад націскам шматтысячных мітынгаў гаварыць ім з прадстаўнікамі групы даводзіцца.

Пакуль кіраўнік УУС ідзе на кантакт, хоць відаць, што яму гэта даецца няпроста, – падкрэслівае Васіль. – Але яго самаадчуванне не галоўнае, бо перад намі больш значныя мэты”.

Колькі дакладна людзей было затрымана ў вобласці, Яварчук назваць не можа. Увесь час вядзецца праца над складаннем спісаў затрыманых і знікшых без звестак.

Нам начальнік УУС называў лічбу, што ўсяго ў Гродзенскай вобласці затрымана 900 чалавек. З іх 400 нібыта былі адпушчаныя з папярэджаннямі, яшчэ 400 – атрымалі штрафы і нібыта яшчэ 100 чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты, – пералічвае Яварчук. – Але ў мяне гэтыя лічбы не вельмі зыходзяцца з тымі дадзенымі, якія сабралі мы і праваабарончыя арганізацыі. Праўда, пакуль я нічога не магу сказаць больш канкрэтнага, бо праца па збору дакладнай інфармацыі працягваецца”.

Ён яшчэ раз падкрэслівае, што галоўная задача, якая стаіць перад імі зараз, каб ніводзін палітвязень на сённяшні дзень не заставаўся за кратамі.

“Зняць судзімасці ў невінаватых і пакараць злачынцаў”

Адразу наступным крокам групы, паводле Яварчука, будуць дзеянні скіраваныя на тое, каб з усіх асуджаных знялі судзімасці, каб дзяржава вярнула штрафы людзям і каб ім былі прынесены прабачэнні.

І вельмі важным ён лічыць дзейнасць па прыцягненню да адказнасці тых, хто здзейсніў злачынствы.

Павінен удакладніць, што гэтую працу павінна праводзіць пракуратура і Следчы камітэт, – кажа Яварчук. – Мы ўжо спрабуем завесці з імі дыялог, каб яны давалі інфармацыю людзям аб тым, якія дзеянні ў гэтым накірунку ўжо прадпрынятыя”.

Паводле суразмоўцы, у групы ёсць свае аргументы: злачынствы відны на відэа, ад людзей паступаюць скаргі аб незаконных затрыманнях і катаваннях.

Мы нават гатовыя прадстаўляць ім гэтыя доказы, – канстатуе Васіль. – А цяпер мы хочам запытацца – колькі яны атрымалі скаргаў ад пацярпелых і хочам, каб яны далі справаздачу аб тым, што зроблена ў гэтым накірунку? Важна па гарачых кроках знайсці і пакараць вінаватых”.

Паводле яго, група збіраецца даводзіць інфармацыю да людзей аб тым, колькі ўзбуджана крымінальных спраў супраць супрацоўнікаў міліцыі, колькі з іх пакараны і якія меры яшчэ прынятыя да тых, хто перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы.

Яварчук кажа, калі размовы са следчымі оргнамі не атрымаецца, то іх група будзе даводзіць да грамадскасці такую інфармацыю.

Ён гаворыць: “Чыноўнікі ўжо заяўлялі, што па кожнай справе пачаліся разбіральніцтвы, адказ будзе, згодна з законам, праз месяц. Нас такія адказы не задавальняюць. Мы хочам ведаць пра гэта ў бліжэйшыя дні. Няхай там не будзе канкрэтных прозвішчаў, але колькасць заведзеных спраў, колькасць прыцягнутых да адказнасці павінна агучвацца адразу, каб людзі бачылі, што пракуратура і Следчы камітэт працуюць”.

Васіль Яварчук заклікае неабыякавых да праблемы людзей далучацца да іх групы ў Гродне.

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: